Вылучаны Беларусьсю фільм «Урокі фарсі» зьнялі з конкурсу на прэмію «Оскар»

Статуэткі прэміі «Оскар».

Беларусь унесла ў конкурсную праграму на прэмію Амэрыканскай кінаакадэміі фільм Вадзіма Пэрэльмана «Ўрокі фарсі».

Як піша ўплывовае амэрыканскае выданьне «Variety», беларускі прэтэндэнт на «Оскар» быў дыскваліфікаваны з міжнароднага конкурсу за прыз у галіне ігравога кіно.

Як патлумачыў прадзюсар Ільля Ст'юарт, фільм дыскваліфікавалі ў сувязі з парушэньнем правілаў амэрыканскай Кінаакадэміі. У адпаведнасьці зь імі, пэўная колькасьць людзей, так ці інакш якія ўдзельнічалі ў стварэньні карціны, павінны паходзіць з краіны, ад якой вылучаецца фільм. Аднак стваральнікі «Ўрокаў фарсі» не змаглі пацьвердзіць, што вялікая часткі творчай групы мае дачыненьне да Беларусі.

Фільм «Урокі фарсі», які расказвае аб падзеях часоў Другой сусьветнай вайны, прадстаўляў на конкурсе Беларусь. Драма, сусьветная прэм’ера якой адбылася на Бэрлінскім кінафэстывалі ў мінулым годзе, адбываецца ў акупаванай Францыі ў 1942 годзе. Паводле сцэнару, бэльгійскі яўрэй пазьбягае расстрэлу нацыстамі, калі заяўляе, што зьяўляецца пэрсам. Затым яго заклікаюць выкладаць фарсі — на якім ён насамрэч не размаўляе — для кіраўніка лягера, што марыць адкрыць рэстаран у Іране па заканчэньні вайны.

Фільм спачатку быў напісаны на расейскай мове, а потым перакладзены на ангельскую і, у рэшце рэшт, на нямецкую.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод аўтараў вылучанага на «Оскар» фільму «Ўрокі фарсі» беларускі палітвязень

Ільля Ст'юарт, прадзюсар фільма, пацьвердзіў Variety, што ён зьняты з гонкі.

«Беларускі камітэт і нашы партнэры па вытворчасьці прадэманстравалі, што фільм адпавядае ўсім неабходным патрабаваньням для прадстаўленьня краіны на ўручэньні прэміі Акадэміі. Аднак той факт, што фільм зьяўляецца міжнароднай супольнай прадукцыяй з удзелам некалькіх краін, і што асноўная мова не зьяўляецца афіцыйнай мовай краіны, якая прадстаўляе яго, заўсёды азначаў, што наш выпадак быў зусім унікальным», — сказаў Ст'юарт.

«Хоць мы, вядома, вельмі расчараваныя, мы паважаем рашэньне Акадэміі і зь нецярпеньнем чакаем, што „Ўрокі фарсі“ працягнуць свой шлях да міжнароднай аўдыторыі, нягледзячы на моўны барʼер, які, як ня дзіўна, зьяўляецца тэмай і прадметам фільму».

«Урокі фарсі» — сумесны праект Беларусі, Расеі і Нямеччыны. У Беларусі прайшла большая частка здымак. Фільм зьняты па матывах аповяду нямецкага драматурга Вольфганга Кольхаазе «Вынаходніцтва мовы». Фільм стварыла маскоўская кампанія Hype Film у супрацоўніцтве з берлінскімі кампаніямі «LM Media» і «One Two Films», а таксама «Беларусьфільмам».