Па дадзеных пракуратуры, абвінавачаныя не знаёмыя адзін з адным, аднак дадзеныя дасудовага расьсьледаваньня дазваляюць выказаць здагадку, што ў працу супраць дзяржавы іх мог уцягнуць адзін чалавек — супрацоўнік памежнага кіраваньня ФСБ Расеі па Калінінградзкай вобласьці. Ён прадставіўся абвінавачаным пад выдуманым імем і добра размаўляе па-літоўску, гаворыцца ў паведамленьні.
Дасудовае расьсьледаваньне аб магчымым шпіянажы пачалося пасьля атрыманьня матэрыялаў з Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы.
15 лістапада 2019 году прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа памілаваў двух расейцаў, асуджаных за шпіянаж у краіне. У той жа дзень офіс прэзыдэнта Літвы абвясьціў аб абмене асуджанымі шпіёнамі з Расеяй: літоўскія ўлады перадалі расейскаму боку Мікалая Філіпчанку і Сяргея Майсеенку, а Расея перадала Літве Яўгеніюса Матайціса і Арыстыдаса Тамашайціса.
Філіпчанка быў прысуджаны ў 2017 годзе Віленскім акруговым судом да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Улады Літвы сьцьвярджаюць, што ён быў дзеючым супрацоўнікам расейскіх спэцслужбаў і спрабаваў завэрбаваць служачых дэпартамэнту дзяржбясьпекі, каб тыя ўсталявалі прылады дзеля праслухоўваньня ў рэзыдэнцыі і працоўным кабінэце прэзыдэнта рэспублікі Далі Грыбаўскайце. Паводле сьледчых, Філіпчанка выкарыстоўваў падробленыя дакумэнты і неаднаразова нелегальна перасякаў мяжу Літвы. Яго затрымалі на тэрыторыі Літвы ў 2015 годзе, калі ішоў транзытным цягніком з Калінінградзкай вобласьці ў Беларусь.
Сяргей Майсеенка быў асуджаны на 10 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі за шпіянаж, незаконнае валоданьне вялікай колькасьцю боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і баявых гранат. Яго справа была заснавана на паказаньнях былога афіцэра авіябазы ВПС Літвы, капітана Сяргея Пушына, які таксама атрымаў пяць гадоў пазбаўленьня волі за шпіянаж.
Літоўскія спэцслужбы сьцьвярджаюць, што Пушын з 2012 году да канца 2014 году зьбіраў і перадаваў Маісеенку інфармацыю аб ваенных сілах Літвы і дзейнасьці місіі паветранай паліцыі NATO, месцах дысьлякацыі воінскіх падразьдзяленьняў, апэрацыях у Аўганістане, пра разьведвальныя бесьпілётнікі, іх палёты і магчымыя месцы іх дысьлякацыі. Майсеенка гэтыя абвінавачаньні адмаўляў.