Афіцэр паліцыі Капітолія Браян Сікнік памёр ад ран, атрыманых падчас сутыкненьняў з пратэстоўцамі, гаворыцца ў паведамленьні ведамства. Ён вярнуўся ў офіс і страціў прытомнасьць, растлумачылі ў паліцыі. Сікніка даставілі ў мясцовую бальніцу, дзе ён пазьней памёр.
Сьмерць афіцэра будзе расьсьледаваць адпаведны аддзел сталічнага дэпартамэнту паліцыі, паліцыя Капітолія і фэдэральныя ведамствы.
Раней тэлеканал CNN паведамляў пра гібель паліцыянта пасьля сутыкненьняў з дэманстрантамі, але паліцыя Капітолія абвергла гэтае паведамленьне.
За дзень да гэтага паліцыя паведамляла пра сьмерць чатырох чалавек падчас пратэстаў, у тым ліку адной жанчыны — вэтэрана ВПС ЗША.
Як пісаў Bloomberg, пасьля беспарадкаў улады выставілі абвінавачваньні больш чым 50 людзям. У асноўным іх абвінавачвалі ў незаконным пранікненьні і нападзе.
Выканаўца абавязкаў пракурора акругі Калюмбія паведамляў, што падчас расьсьледаваньня будуць разглядацца ўсе абвінавачваньні, у тым ліку ў змове і мяцяжы.
Пасьля штурму будынка Кангрэсу кіраўнік паліцыі Капітолія Стывен Сундэ падаў у адстаўку. Незадоўга да гэтага пакінуць пасаду яго заклікала сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі. Яна заявіла, што Сундэ «нават не патэлефанаваў» кангрэсмэнам, калі пачаліся пратэсты.