Як адзначаюць агенцтвы, большасьць прадстаўнікоў замежных краінаў выказалі трывогу або абурэньне, аднак некаторыя выказалі відавочнае задавальненьне ў сувязі з падзеямі ў Злучаных Штатах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс ЗША канчаткова зацьвердзіў перамогу Байдэна. Трамп зьмірыўсяСаюзьнікі ЗША рэзка асудзілі спробу захопу галоўнага дзяржаўнага будынка краіны. Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель выказала глыбокае шкадаваньне з прычыны беспарадкаў. Яна заявіла, што вінаваты ў іх менавіта прэзыдэнт Трамп, які, па яе словах, «з лістапада так і не прызнаў сваю паразу, і ўчора таксама не зрабіў гэтага». Гэта, у сваю чаргу, прывяло да сумневаў у легітымнасьці вынікаў галасаваньня, сфармавала атмасфэру недаверу і вылілася ў трагічныя падзеі, лічыць кіраўнік нямецкага ўрада.
Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан назваў ўварваньне ў Кангрэс «ганебнымі сцэнамі». Нагадаўшы пра тое, што «Злучаныя Штаты выступаюць за дэмакратыю ва ўсім сьвеце», ён заклікаў амэрыканцаў забясьпечыць «мірную і спарадкаваную перадачу ўлады» у іх уласнай краіне.
Аналягічным чынам адрэагаваў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Ён ахарактарызаваў падзеі як «шакуючыя» і заклікаў «паважаць вынікі дэмакратычных выбараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыхільнікі Трампа ўварваліся ў будынак Капітолія. ФОТА, ВІДЭАПрэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі асудзіў гвалт і выказаў захапленьне трываласьцю дэмакратычнай сыстэмы ЗША, якая здолела, паводле яго слоў, ужо праз некалькі гадзінаў пасьля бунту забясьпечыць канчатковае зацьвярджэньне вынікаў галасаваньня.
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба заявіў, што ў Вашынгтоне неабходна аднавіць вяршэнства закону і дэмакратычныя прынцыпы. Паводле яго слоў, такія дзеяньні — у інтарэсах ня толькі ЗША, але і Ўкраіны і ўсяго сьвету.
Нават прэмʼер-міністар Славеніі Янэз Янша, які заўсёды падтрымліваў Трампа і да гэтага часу не павіншаваў Байдэна зь ягонай перамогай, напісаў у твітары пра «занепакоенасьць гвалтам, тым, што адбываецца ў Вашынгтоне» і пажадаў Амэрыцы «пераадолець крызіс». «Дэмакратыя прадугледжвае мірны пратэст, але гвалт і пагрозы сьмерцю — няхай гэта будзе справа ці зьлева — катэгарычна недапушчальныя», — напісаў ён у твітэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры чалавекі загінулі ў выніку штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа. Што адбылосяУ той жа час камэнтары расейскага кіраўніцтва ўтрымлівалі ледзь прыхаваную зьедлівую радасьць. Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава працытавала амэрыканскага журналіста, які выказаў меркаваньне, што «ЗША больш ня змогуць гаварыць сьвету пра тое, што зьяўляюцца ўзорам дэмакратыі». Яна таксама выказала меркаваньне, што выбарчая сыстэма ў ЗША «архаічная», і пры гэтым пажадала «дружалюбнаму амэрыканскаму народу» «з годнасьцю перажыць» цяперашні момант. Намесьнік амбасадара Расеі ў ААН Дзьмітрый Палянскі параўнаў амэрыканскія падзеі з «Майданам» і заявіў, што некаторыя яго сябры цікавяцца, ці будуць у Вашынгтоне «раздаваць крэкеры».
Тым самым ён спаслаўся на вядомую сцэну падчас пратэстаў у Кіеве ў сьнежні 2013 года, калі чыноўніца Дзярждэпартамэнта Вікторыя Нуланд у знак падтрымкі мірных пратэстаў прывезла для іх удзельнікаў і супрацоўнікаў міліцыі крэкеры. Ягоны камэнтар рэтвітнуў МЗС Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка правёў паралелі паміж штурмам Капітолія ў Вашынгтоне і пратэставымі маршамі ў Беларусі- У ноч на 7 студзеня па мясцовым часе Кангрэс ЗША зацьвердзіў на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат перамогу Джо Байдэна. Пасяджэньне Кангрэсу было перапынена 6 студзеня ў другой палове дня пасьля таго, як у памяшканьне Капітолія ўпершыню ў яго гісторыі ўварваліся дэманстранты, якія ўдзельнічалі ў шматтысячным мітынгу, на якім прэзыдэнт Трамп чарговы раз заявіў аб фальсыфікацыі вынікаў выбараў і заклікаў пратэстуючых «ісьці» на Капітолій.
- Вядучыя амэрыканскія СМІ назвалі гэтыя падзеі «атакай на дэмакратыю», справакаваную прэзыдэнтам, які сыходзіць. У ходзе боек загінулі ня менш за чатыры чалавекі. Сацыяльныя сеткі часова заблякавалі акаўнты Трампа. Твітэр адмовіўся паведаміць час разблякоўкі, нягледзячы на тое што прэзыдэнт выдаліў спрэчныя паведамленьні, якія плятформа пазначыла як распальваньне варожасьці.
- Праз некалькі гадзін пасьля таго, як памяшканьне Кангрэсу і тэрыторыя вакол яго была ачышчана ад дэманстрантаў, кангрэсмэны і сэнатары аднавілі слуханьні. Заканадаўцы выказалі рашучасьць давесьці да канца працэдуру сэртыфікацыі выбараў на гэтым пасяджэньні.
- Больш за дзясятак сэнатараў-рэспубліканцаў выступілі супраць пацьверджаньня вынікаў галасаваньня ў некалькіх штатах, заяўляючы, што ў іх маглі быць парушаныя правілы галасаваньня. Першапачаткова сэнатары заклікалі арганізаваць спэцыяльную камісію для правядзеньня расьсьледаваньня, аднак пасьля штурму Капітолія многія зь іх адмовіліся ад пратэсту і правялі працэдуру стандартным чынам.
- Байдэн павінен заступіць у пасаду прэзыдэнта 20 студзеня. Трамп пасьля падзеяў 6 студзеня заявіў, што, хоць і ня згодны з вынікамі выбараў, ня будзе замінаць перадачы ўлады.