У Гомлі чарговы арышт за навагодні карагод у лесе — у ІЧУ зьмясьцілі настаўніцу

Вечарам 6 студзеня міліцыя затрымала ў Гомлі настаўніцу адной са школ. Дома ў яе міліцыя правяла «агляд памяшканьня». Пасьля 57-гадовую настаўніцу зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на няпэўны тэрмін.

Пра прычыны затрыманьня міліцыя не гаворыць. «Магчыма, яна ўдзельнічала ў навагоднім карагодзе ў лесе, удзельнікаў якога цяпер ловіць па Г омелю міліцыя. Іншых прычын мы ня бачым», — зазначылі сябры настаўніцы.

Вечарам 6 студзеня настаўніца выйшла з пад'езду — ішла ў царкву на службу, але была затрыманая міліцыяй і апынулася ў ІЧУ.

25 сьнежня жыхары Гомля зладзілі ў лесе навагодні пікнік. Яны прыбралі ялінку, палілі вогнішча, смажылі сала і вадзілі карагод. На ялінцы былі аркушы з надпісамі «Пацук, уцякай!» і «Новы год без пацука». Некаторыя з удзельнікаў трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Відэа з карагоду зьявілася ў тэлеграм-каналах.

5 студзеня міліцыя затрымала адну з удзельніц карагоду, затым — яшчэ адну, 59-гадовую пэнсіянэрку Алу. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Так міліцыя і суд расцанілі карагод у лесе вакол ялінкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі на «суткі» адправілі пэнсіянэрку за карагод вакол ялінкі ў лесе

Паводле пратаколу міліцыі, пэнсіянэрка «ў загадзя дамоўленым месцы, у лясным масіве каля вёскі Новая Бухалаўка прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу без дазволу гарвыканкаму».

«Для чаго было сьцягі з сабой браць? Вы ж выдатна разумееце, што, каб ня гэтыя сьцягі — вам бы ніхто і слова не сказаў? — удакладняў судзьдзя. — Калі б вы не выкарыстоўвалі нейкія палітычныя моманты... Вы выкарыстоўваеце бел-чырвона-белыя сьцягі, плякаты на ялінцы: „Новы год без пацука“ — гэта што?», — дапытваўся на паседжаньні судзьдзя Андрэй Лагуновіч.