У праваслаўі Раство Хрыстовае ўваходзіць у лік дванаццаці найважнейшых сьвятаў, вышэйшы за якія толькі Вялікдзень. Разам з Расейскай праваслаўнай царквой (РПЦ), часткай якой зьяўляецца Беларускі экзархат, 7 студзеня Раство адзначаюць у Грузінскай, Ерусалімскай, Польскай, Сэрбскай праваслаўных цэрквах, праваслаўнай царкве Чэскіх зямель і Славакіі (адзначае Раство двойчы, у тым ліку 25 сьнежня), а таксама ў Праваслаўнай царкве Ўкраіны (прызнаная Сусьветным патрыярхатам Канстантынопаля і шэрагам іншых памесных цэркваў, але не РПЦ).
Астатнія памесныя цэрквы — Альбанская, Александрыйская, Антыяхійская, Баўгарская, Кіпрская, Канстантынопальская, Румынская, Эладская — адзначаюць гэтае сьвята 25 сьнежня.
Што кіраўнік БПЦ сказаў у сьвяточным пасланьні
У сьвяточным пасланьні мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, патрыяршы экзарх усяе Беларусі зазначыў: каб Хрыстос знаходзіўся побач з чалавекам, ад яго «патрабуюцца пастаянныя намаганьні».
Паводле яго слоў, «толькі аднаму злу ўласьціва распаўсюджвацца лёгка, і таму яно часта здаецца прывабным». Духоўнае жыцьцё, падкрэсьліў праваслаўны герарх, «заўсёды прадугледжвае не толькі барацьбу са слабасьцямі і грахамі, але і нязьменную накіраванасьць розуму і сэрца да Бога».
«Нялёгкі шлях пройдзены намі ў мінулым годзе, — гаворыцца ў пасланьні. — Ён быў вельмі няпросты для многіх людзей, народаў і дзяржаў, для чалавецтва ў цэлым. Пандэмія раней невядомай хваробы і зьвязаныя з ёй абмежаваньні і пагрозы; напружанасьць у шэрагу краін і рэгіёнаў сьвету; страта аднадумства і адзінства сярод памесных праваслаўных цэркваў, нарэшце, падзел у нашым грамадзтве, што ўзьнік на палітычнай глебе, — усё гэта пазбаўляе людзей пачуцьця бясьпекі, стабільнасьці і спакою, якое ўжо стала звыклым і штодзённым для нас. Многія адчуваюць разгубленасьць і страх перад будучыняй, забываючы пра Айцоўскую Любоў Божую да ўсіх нас і пра Яго выратавальнае Апекаваньне».
Разам з тым, падкрэсьліў ён, для хрысціян тое, што адбываецца, не зьяўляецца нагодай і падставай для тугі, бо «сьвет перажываў часы значна больш драматычныя і небяспечныя». Падзеі мінулага года ― гэта «сур’ёзная падстава задумацца аб нашым стаўленьні да Бога і бліжніх, аб духоўным жыцьці паводле запаведзяў, дараваных Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, у імкненьні да Боганатхнёных Эвангельскіх маральных ідэалаў», зазначаецца ў пасланьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік БПЦ загадаў спыніць збор подпісаў супраць горадзенскага архіяпіскапа, які асудзіў гвалт уладаў«Веруючыя людзі ня могуць заставацца абыякавымі да трывожных падзей, што адбываюцца ў сьвеце, і перш за ўсё — у сваёй Айчыне, — перакананы патрыяршы экзарх. — Але мы таксама не павінны забываць пра пакорнамудрасьць і малітоўную развагу ва ўсякай справе і ўсякім слове. Будзем слухаць сваё сэрца і не дазваляць яму апускацца ў бездань перажываньняў і страсьцяў, каб не страціць каштоўны ўнутраны мір душы, які даруецца звыш тым, хто шукае волю Божую. Менавіта гэты мір Хрыстовы, як толькі ён запануе ў сэрцы чалавечым, дае яму сілу любіць не толькі Бога і бліжняга, але нават і ворага свайго».
Праваслаўе ў Беларусі лічыцца даміноўнай хрысьціянскай канфэсіяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасьць вернікаў прыкладна ў 4 мільёны. Праваслаўная царква ў Беларусі прадстаўленая паўтара тысячамі прыходаў у 15 эпархіях, чатыры з якіх абʼяднаныя ў Мінскую мітраполію. У краіне дзейнічаюць звыш тысячы праваслаўных храмаў, больш за 100 цэркваў будуюцца.