МУС апраўдалася за «дваровыя затрыманьні»: несанкцыянаваныя мерапрыемствы

Затрыманьні ў Новай Баравой 5 студзеня

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, 5 студзеня падчас «адпрацоўкі» двароў у менскіх мікрараёнах былі затрыманыя 25 чалавек. Сьцьвярджаецца, што была пагроза для праваахоўнікаў, а «дваровыя пэрформансы» прыраўноўваюцца да «несанкцыянаваных мерапрыемстваў».

«Некаторыя інтэрнэт-рэсурсы растыражавалі правакацыйныя відэанарэзкі пра нібыта беспадстаўныя затрыманьні ў дварах сталічных мікрараёнаў Уручча і Новая Баравая, пагрозы баявой зброяй мірным мінакам. Пры гэтым стваральнікі „шакавальных навінаў“ чакана змаўчалі аб падрабязнасьцях таго, што гэтым падзеям папярэднічала», — адмаўляюць датычнасьць да гвалту на сайце ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аблава на менскія двары. Увечары затрымалі людзей з Уручча, Новай Баравой і Захаду

Так, па словах прадстаўнікоў МУС, ва Ўруччы «сабралася група людзей зь незарэгістраванай сымболікай» і наладзіла ў двары шумнае шэсьце. Яны гулялі пад гучную музыку і крыкі, сьвяцілі ў вокны дамоў ліхтарыкамі і лазэрамі, ладзілі дэманстратыўныя фатасэсіі для распаўсюду ў інтэрнэце.

Супрацоўнікі міліцыі апэратыўна зрэагавалі на паведамленьні грамадзян і затрымалі найбольш актыўных парушальнікаў грамадзкага парадку, гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мужа білі ў грудзі нагой і настаўлялі на яго пісталет», — жонка затрыманага ў Бараўлянах Віктара Мароза

«Зьвярнула ўвагу відэа з Новай Баравой, на якім дзяўчына спрабуе вырвацца ад супрацоўніка. На жаль, кадраў, што гэтаму папярэднічала, не прапанавана. Кампанія маладых людзей разьвешвала незарэгістраваную сымболіку, а ўбачыўшы праваахоўнікаў, кінулася ўрассыпную. Адзін, крыкнуўшы „міліцыя“, дагнаў дзяўчыну. Мужчыны, якія былі ў двары, сталі яго абражаць і спрабавалі вызваліць затрыманую. У адказ міліцыянт папярэдзіў аб неправамернасьці іх дзеяньняў, затым дастаў траўматычную зброю, і адштурхнуў нагой мужчыну, каб павялічыць дыстанцыю», — агучылі сваю вэрсію ў МУС.

Удакладняецца, што 5 студзеня ў Менску за падобныя «несанкцыянаваныя акцыі» сілавікі затрымалі 25 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адправіў культурыста ў турму на 3 гады за ўдар міліцыянта, якога ў двары прынялі за пэдафіла

«Правядзеньне падобных дваровых пэрформансаў парушае спакой іншых грамадзян і расцэньваецца як арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства з выкарыстаньнем незарэгістраванай сымболікі. Міліцыя не ўпершыню рэагуе на зборы ў дварах, у тым ліку на падставе чаяваньня, і шмат разоў папярэджвала пра недапушчальнасьць парушэньня дзейнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Але некаторыя жыхары ігнаруюць папярэджаньні і па-ранейшаму працягваюць у іх удзельнічаць», — дадалі ў МУС.

Там папярэдзілі, што ў доўгія выходныя патруляваньне гарадзкіх вуліц будзе ўзмоцненае.