Вікторыя Мароз расказала Свабодзе, што ўвечары 5 студзеня яны проста гулялі з мужам і дзіцем. Спачатку яна пабачыла грубае затрыманьне суседкі. Калі пайшла спытаць у людзей у чорным, што адбываецца, сын схаваўся за елкі побач. А муж, які запатрабаваў у невядомых дакумэнты, атрымаў удар нагой у грудзі пасьля пагрозы выклікаць міліцыю.
Пасьля гэтага сям’я пабачыла шмат невядомых людзей, якія пераскочылі агароджу і пабеглі затрымліваць яе мужа. Вікторыя Мароз сказала ім, што сям’я ўжо «ідзе дадому рыхтавацца да сну і Калядаў», аднак затрыманьня гэта не спыніла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аблава на менскія двары. Увечары затрымалі людзей з Уручча, Новай Баравой і ЗахадуАдзіным эпізодам ветлівасьці ад незнаёмцаў была просьба ісьці дадому ад кагосьці зь іх. Але ўжо неўзабаве, па словах жонкі затрыманага Віктара Мароза, «адзін з гэтых людзей схапіў за горла і сьціснуў». Жанчыне зрабілася млосна.
«У мяне праблемы са шчытавіцай, нават высьвятляецца, ці патрабуецца мне апэрацыя. Уся левая частка шчытавіцы ў вузлах. Пасьля таго як шыю сьціснулі, я ледзь дыхала», — расказвае Вікторыя Мароз.
На месцы падзей былі «дзьве чорныя машыны». Імаверна, Віктара пасадзілі ў адну зь іх і павезьлі ў невядомым кірунку. Пасьля жорсткага затрыманьня бацькі вельмі спужаўся і пачаў плакаць сын, яго званітавала. З таго моманту ён шмат гадзін ня еў.
Вікторыя спадзяецца, што муж будзе жывы і што ягонаму здароўю не нанесьлі непапраўнай шкоды. Яна задае пытаньне, навошта сілавікі білі мужа па галаве. Цяпер, як прызналася Вікторыя Мароз, ёй страшна нават выйсьці на двор.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС апраўдалася за «дваровыя затрыманьні»: несанкцыянаваныя мерапрыемствы