«Напружаная сытуацыя ў камэрах». Палітвязьня Мікалая Дзядка наведала адвакатка

Мікалай Дзядок. Архіўнае фота

Палітвязьня Мікалая Дзядка ў СІЗА на Валадарскага наведала адвакатка. Бацька вязьня Аляксандар Дзядок кажа, што цяпер валодае зьвесткамі пра сына, якія яго ў пэўнай ступені супакоілі, але засталіся і прычыны, каб турбавацца.

«Адваката доўга не дапускалі, між тым у канцы году зь вязьніцы мы атрымалі зьвесткі, што жыцьцю і здароўю Мікалая ўзьнікла пагроза. Тая інфармацыя, што мы цяпер атрымалі, крыху супакоіла: сын жывы, здаровы, перанёс прастуду, на каранавірус не захварэў. Застаецца ў той жа камэры № 14, якую ізалявалі былі на карантын, але цяпер карантын зьняты. Але канфлікты з сукамэрнікамі засталіся, і, мяркую, напружаная сытуацыя ў камэрах, дзе ён пабываў, пакуль сядзіць на „Валадарцы“, рэч не выпадковая», — мяркуе былы судзьдзя Аляксандар Дзядок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы зьвярнуліся да спэцдакладчыкаў ААН аб Беларусі і аб катаваньнях у справе Міколы Дзядка

Паводле Дзядка-старэйшага, у беларускіх турмах нічога не адбываецца без кантролю з боку адміністрацыі і апэратыўных супрацоўнікаў.

Аляксандар Дзядок мяркуе, што пасьля затрыманьня ягонага сына зьбівалі і ўжывалі адносна яго сьлезацечны газ, каб атрымаць патрэбныя сьледзтву зьвесткі. Бацька вязьня спасылаецца на відэа, на якім убачыў на твары сына сьляды зьбіцьця, а таксама на зьвесткі пра газ, якія ён атрымаў зь іншых крыніц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта бесчалавечна», — бацька палітвязьня Мікалая Дзядка зьвярнуўся да ўладаў

«Яго хацелі падавіць маральна, каб больш ня быў ім небясьпечны, не паведамляў пра іх праўду. Але ён нічога не рабіў супрацьзаконнага, у сваім блогу ён казаў тое, што ёсьць, у тым ліку пра дзеяньні пэўных сілавых структур», — мяркуе Аляксандар Дзядок.

Паводле Аляксандра Дзядка, ягоны сын за апошнія дні атрымаў больш за 100 лістоў, у якіх людзі выказваюць яму падтрымку, і ён за гэта ўсім вельмі ўдзячны.

«Ведаю, гэта вельмі моцна яго падтрымлівае», — сказаў Дзядок-старэйшы.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў затрыманы 12 лістапада ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе ён пражываў на найманай кватэры і вёў блог «Міkоlа», які меў 15 тысяч падпісчыкаў. Мікалая Дзядка абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Актывіст сваёй віны не прызнае. Праваабаронцы прызналі Мікалая Дзядка палітвязьнем.