Былы афіцэр беларускіх спэцслужбаў Ігар Макар паведаміў, што КДБ Беларусі плянаваў забойства апанэнта рэжыму, расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянавалася фізычнае зьнішчэньне Суздальцава». Ігар Макар назваў яшчэ адну мішэнь «расстрэльнай каманды»У інтэрвію Свабодзе Суздальцаў ацэньвае верагоднасьць гэтых зьвестак, тлумачыць, чаму іх абнародавалі менавіта цяпер, камэнтуе пляны Крамля па стварэньні прарасейскай партыі ў Беларусі і прапануе свой прагноз далейшага разьвіцьця палітычнага крызісу ў Беларусі.
Інфармацыя пра замах на жыцьцё
- У мяне няма сумневаў у сапраўднасьці паведамленьняў пра пляны КДБ Беларусі забіць эмігрантаў — палітычных апанэнтаў рэжыму.
- Гэтыя запісы правяралі ў Галяндыі, гэта ня «Нік і Майк», адносна якіх адразу было відавочна, што гэта фальшыўка.
- Вакол мяне і Шарамета заўсёды была складаная сытуацыя.
- Ён быў бясстрашны чалавек, ён езьдзіў у Беларусь, і там зь ім былі інцыдэнты.
- Я ня езьдзіў у Менск, я разумеў, што я назад у Маскву не вярнуся.
- Беларускія ўлады жылі ў атмасфэры абсалютнай беспакаранасьці, асабліва яскрава гэта праявілася ў 2013 годзе, калі ў Беларусі на 5 месяцаў быў затрыманы гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр.
- Лукашэнка патрабаваў за яго 100 мільёнаў даляраў выкупу.
- Займаючыся шмат гадоў Лукашэнкам, я нічога не выключаю.
- Ён чалавек эмацыйны і вельмі злапамятны.
- Адчуваньне небясьпекі ў мяне было заўсёды.
- У тых дакумэнтах, якія былі апублікаваныя, быў мой адрас і зьвесткі пра мае перасоўваньні. Так што мае адчуваньні былі небеспадстаўныя.
- Шарамет застаецца фактарам палітычнага працэсу і пасьля гібелі, пасьля сьмерці ён стаў судзьдзём над рэжымам.
- Гэта ілюзія кіроўных колаў — што забойства вырашае іх праблемы.
- Я экспэрт Рады бясьпекі РФ, на абмеркаваньнях там я вельмі жорстка ставіў пытаньні адносна Беларусі.
- Мне паступалі сыгналы пра тое, што сытуацыя для мяне небясьпечная. Яны і цяпер паступаюць.
- Некалькі вядомых пралукашэнкаўскіх экспэртаў пісалі ў сваіх сацсетках — Суздальцава трэба скрасьці, трэба паставіць такую задачу беларускім спэцслужбам.
- На пачатку дзясятых паступалі намёкі, гэта было некалькі разоў.
- Масква вельмі жорстка кантралюецца расейскімі спэцслужбамі.
- Напэўна, беларускія спэцслужбы адчулі інтарэс да сваёй актыўнасьці ў Расеі, і яны сваю дзейнасьць згарнулі.
- У мяне пыталіся, ці мог Лукашэнка быць замоўцам забойства Шарамета. Я не магу пэўна гэта сказаць. Але пакуль мазаіка сыходзіцца.
- Украінскае сьледзтва зрабіла вялікую працу па справе Шарамета, але яны не знайшлі замоўцы.
- На кожным саміце беларускі бок перадаваў расейскаму велізарную тэчку публікацыяў у расейскім друку з крытыкай палітыкі Менску, там быў і я, і Балкунец, і іншыя. І просьба — разабрацца з намі.
Чаму сарваліся пляны замахаў?
- Пляны былі, дакумэнты пра сачэньне за мной і Паўлам Шараметам апублікаваныя, мы былі ў распрацоўцы.
- Магчыма, на зрыў плянаў паўплываў зварот Алкаева.
- Заходнія спэцслужбы маглі паведаміць расейцам, у іх ёсьць кантакты.
- У 2013 годзе беларускія спэцслужбы ў Расеі лавілі людзей з каманды «Ўралкалія». Былі спробы захопу людзей у цягніках.
- Магчыма, беларускім сілавікам расейскія далі зразумець, што гэта ўжо занадта.
- Напэўна, быў жорсткі разбор у Лукашэнкі наконт гэтага «праколу», ён заўсёды хоча тэрмінова атрымаць вынік.
- У яго такі падыход ня толькі ў падобных крывавых пытаньнях, але і ў чыста адміністратыўных.
- Зьвярніце ўвагу на час зьяўленьня гэтых матэрыялаў. Скончылася першая хваля пратэстаў.
- Зараз зьявілася вялікая пагроза ў выглядзе Ўсебеларускага народнага сходу.
- Хутчэй за ўсё, на гэтым сходзе Лукашэнка наагул пазбавіць сябе ад якіх бы там ні было выбараў у будучыні.
- Я ўпэўнены, што такіх і ім падобных запісаў зьявяцца яшчэ дзясяткі.
- Хадзілі чуткі, што Беларусь прадавала зброю «Ісламскай дзяржаве».
- Я не выключаю, што сярод сілавікоў ёсьць групы, якія рыхтуюць падобныя матэрыялы. Яны рыхтуюць сабе апраўданьне. Гэта здача лідэра. Такое часта бывае ў фашысцкіх рэжымах.
- У Беларусі зараз хунта, рэй там вядуць сілавікі. І яны пачалі здаваць Лукашэнку.
- Інфармацыя пра замахі, якая агучаная зараз, — гэта шматхадоўка. Колькі гадоў гэта ляжала.
- Там няма падтасовак, склеек. Гэта праўда.
Што вырашыць Усебеларускі сход?
- Зараз у Беларусі ўжо няма масавых маршаў. Калі сытуацыя ня будзе мяняцца, напэўна, іх і ўвесну ня будзе.
- Адбылося тое, што і чакалася, адбыўся раскол у апазыцыі. Ён навідавоку.
- Падпольныя структуры сацыяльных сетак у Менску — гэта 100 тысячаў актывістаў. І яшчэ тысяч 400 тых, хто спачувае і падтрымлівае.
- Гэта пагроза для ўладаў.
- Адсутнасьць масавых акцыяў — гэта аргумэнт Лукашэнкі ў размовах з Пуціным.
- Лукашэнка лявіруе. Сёньня на «Гарызонце» ён сказаў: не падабаецца прэзыдэнт — пераабірайце на выбарах. На якіх? У 2025 годзе?
- Яму трэба правесьці Ўсебеларускі народны сход. Ён зрабіў на яго стаўку.
- Ён нікуды ня сыдзе. Гэта ілюзія Масквы, што яго можна неяк прыбраць. Ён на гэта пляваць хацеў, ён паставіць Маскву перад фактам.
- Ён ніколі больш ня пойдзе ні на якія выбары ці рэфэрэндумы. Ніякая Ярмошына ўжо больш не ўратуе.
- У яго ёсьць два варыянты. Першы — гэта легітымізацыя праз Усебеларускі сход. А другі — гэта вывядзеньне сябе наагул з выбарчай працэдуры, выбары пакінуць толькі для парлямэнту.
- Масква таксама абмежаваная ў мэханізмах узьдзеяньня. Што, танкі ўводзіць супраць Лукашэнкі?
Крамлёўскі плян прарасейскай партыі ў Беларусі
- Расея над гэтым працавала заўсёды.
- Адбываюцца нейкія дзіўныя форумы, дзе зьяўляюцца зацятыя праціўнікі Расеі, якія чамусьці лічацца прыхільнікамі паляпшэньня адносінаў з Расеяй.
- Гэта ня «русский мир» і ня «мяккая сіла» Расеі.
- Гэтыя чыноўнікі жывуць у ХХ стагодзьдзі. У дакумэнтах, апублікаваных у The Insider, усё даволі прымітыўна, у духу 1960-х гадоў.
- Гэта абсалютна бескарысны занятак.
- У гэтым удзельнічаюць людзі, якая разглядаюць Расею як дойную карову. І гэта называюць беларуска-расейскай інтэграцыяй.
- Мяне гэтыя дакумэнты засмуцілі.
- Беларусьсю ў Расеі займаецца вельмі няшмат людзей.
- У Расеі вялікія праблемы зь «мяккай сілай».
- Чаму ва Ўкраіне атрымалася з Эўразьвязам? Таму што ЭЗ разглядаўся ўкраінцамі як гісторыя посьпеху.
- 99% «мяккай сілы» — гэта посьпех ва ўласнай краіне.
- А біць у бубен, як робяць аўтары гэтых плянаў, абнародаваных у The Insider, — гэта ня «мяккая сіла».
Якімі будуць наступствы цяперашняга скандалу са «стужкамі КДБ»?
- Лукашэнку гэта нэрвуе. Абвінавачваньні ў замахах на забойства пераводзяць яго ў статус Кадафі. Абвінавачаньне ў дзяржаўным тэрарызьме — гэта вельмі сур’ёзна.
- Сесьці за стол перамоваў з такім лідэрам, сустракацца зь ім — ён вельмі таксычны пэрсанаж.
- Памятаеце інфармацыю пра тое, як людзі з бліжэйшага атачэньня Лукашэнкі палююць на людзей ужо ў Менску? Яно так і атрымліваецца, бумэранг вяртаецца. Ён тады казаў — я вам потым патлумачу. Прайшло два месяцы.
- Гэтак і тут. Скажа, што гэта фальшыўка. Майк і Нік — не фальшыўка, а гэта фальшыўка. І будзе сказана — я вам потым усё патлумачу і скажу, якія за гэтым лялькаводы.