Пасьля гвалту 9 жніўня магілёвец раскідаў самарэзы каля сілавых органаў. Яго судзяць

Сяргея Базука вядуць у судовую залю

50-гадовы Сяргей Базук падчас сьледзтва і на судзе даводзіў, што сваім учынкам выказваў пратэст супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, зьбіваньня сілавікамі грамадзян на мірных акцыях пратэсту, а таксама сьледчых органаў, якія не прыцягваюць вінаватых у гвалце да крымінальнай адказнасьці.

Крымінальную справу супраць яго пачаў разглядаць 5 студзеня Ленінскі суд Магілёва. Старшынюе на працэсе судзьдзя Аксана Ратнікава. Абвінавачанаму інкрымінуюць хуліганства — 1 частка 339 артыкулу Крымінальнага кодэксу (максымальнае пакараньне — 3 гады пазбаўленьня волі).

Як вынікае з матэрыялаў справы, мужчына 26 кастрычніка і 11 лістапада раскідаў на службовых стаянках ля абласнога ўпраўленьня міліцыі, Камітэту дзяржаўнага кантролю, 11-га ўпраўленьня ГУБАЗіК ды Сьледчага камітэту самарэзы, каб супрацоўнікі гэтых ведамстваў прабілі колы службовых машын. Сваю віну ён прызнаў у поўным аб’ёме і раскаяўся.

Абвінавачаньне кваліфікавала дзеяньні Базука як грубае парушэньне грамадзкага парадку, дэманстратыўнае грэбаваньне агульнапрынятай культурай паводзінаў людзей, скіраваных на пашкоджаньне чужой маёмасьці і дэзарганізацыю адміністрацыйных установаў.

Ад дзеяньняў падсуднага пацярпеў супрацоўнік КДК. Ён прабіў кола машыны на раскіданых Базуком самарэзах. Нанесеную шкоду ў 30 рублёў абвінавачаны кампэнсаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся першы суд у крымінальнай справе за шэсьце ў Курапаты, дзе 231 падазраваны

Ідэя раскідаць самарэзы прыйшла пасьля падзеяў 9 жніўня

Сяргей Базук у паказаньнях суду адзначыў, што сваім учынкам выказваў пратэст супраць дзеяньняў сілавых структураў. Намераў дэстабілізаваць іх працу ці нанесьці ім шкоду ў яго не было. Раней ён пісьмова зьвяртаўся з сваім бачаньнем сытуацыі ў пракуратуру і Дзяржкантроль, але адтуль атрымаў «фармальныя адпіскі».

Ідэя раскідаць самарэзы на стаянках яму прыйшла спантанна пасьля падзеяў 9 жніўня, бо «шмат назьбіралася выпадкаў». Абвінавачаны згадаў, як начальнік ГУБАЗіК разьбіваў вітрыну ў менскай кавярні, а сілавікі са схаванымі тварамі «хапалі ўсіх без разбору» і «невядома куды схопленыя траплялі». Сам ён сачыў за выбарчай кампаніяй і быў ня згодны зь яе вынікамі: «ададзенымі працэнтамі за прэзыдэнта і кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую». У Магілёве ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту як назіральнік.

Сяргея Базука затрымалі на прыпынку грамадзкага транспарту 16 лістапада. Яго ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары. Паводле яго, паказаньні сьледзтву даваў добраахвотна без прымусу. Самарэзы яму выдалі на былой працы ў заробак. Іх раскідваў на стаянках жменькамі і ведаў, што пляцоўкі пад відэаназіраньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад штрафу да 5 гадоў зьняволеньня: у крымінальных справах асудзілі 75 пратэстоўцаў