У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 29 сьнежня 2020 г. № 72-З «Аб зьмяненьні Падатковага кодэксу» дзяржава адмяніла мыта для наведнікаў памежнай зоны і паласы.
З 1 студзеня 2021 выдача пропускаў у памежную паласу стала бясплатнай для ўсіх. Раней бясплатнымі былі пропускі толькі ў памежную зону.
Дзяржаўны памежны камітэт піша, што ён прапаноўвае далейшае спрашчэньне ўмоваў знаходжаньня ў памежжы. У 2017 годзе адмянілі дзяржаўны збор за знаходжаньне ў памежнай зоне для грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі. А ў 2019 годзе — дзяржаўны збор за выдачу пропускаў у памежную зону для іншаземцаў.
У Дзяржпагранкамітэце лічаць, што гэтыя захады дапамогуць спрасьціць парадак знаходжаньня грамадзян у памежнай зоне і памежнай паласе, а таксама павысіць турыстычную прывабнасьць аб’ектаў, якія знаходзяцца ў рэгіёнах побач зь дзяржаўнай мяжой.
У чым розьніца паміж памежнай зонай і памежнай паласой
Памежная зона — участак, які прылягае да памежнай паласы ў сярэднім на глыбіню да 30 км у межах часткі тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі. Прызначаная для аховы дзяржаўнай мяжы.
Памежная паласа — участак, які прылягае да дзяржаўнай мяжы ў сярэднім на глыбіню да 10 км. Яна прызначана для будаўніцтва аб’ектаў, неабходных для аховы дзяржаўнай мяжы.
Такія нарматывы засталіся ў Беларусі яшчэ з часоў СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мяжа на замку: Чаму забаранілі наземны выезд зь Беларусі?