Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 169 чалавек і кажуць, што лічба будзе павялічвацца, бо шмат пра якія справы і працэсы ім невядома.
«Палітвязьнямі прызналі 169 чалавек. Гэта на дадзены момант, але іх будзе значна больш. Мы не пра ўсіх ведаем, на што ёсьць розныя прычыны», — зазначыў у размове з карэспандэнтам Свабоды праваабаронца цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Усяго вясноўцы маюць зьвесткі пра больш як 600 падазраваных, абвінавачаных і ўжо асуджаных. База зьвестак актыўна папаўняецца, кажуць у «Вясьне».
Паводле Валянціна Стэфановіча, шмат хто са сваякоў тых, на каго завялі «крыміналку» за ўдзел у пратэстах, не зьвяртаўся па юрыдычную дапамогу ў праваабарончыя арганізацыі, бо апынуўся ў падобнай сытуацыі ўпершыню.
«Пра некаторых мы даведваемся толькі ў дзень суду ці раней, калі прызначаны разгляд справы. Асабліва часта так адбываецца ў рэгіёнах», — кажа Валянцін Стэфановіч.
Яшчэ адной распаўсюджанай прычынай, чаму «пратэставыя» справы не трапляюць у сьпісы праваабаронцаў, ёсьць боязь сваякоў абвінавачаных, што статус палітвязьня ў горшы бок паўплывае на судовае рашэньне і пагоршыць становішча ў вязьніцы.
«Лепш пра нас ня згадвайце»
Вось якая размова адбылася ў журналіста з маці аднаго з абвінавачаных, чыя справа дайшла да суду.
«Прашу вас, не давайце пра майго сына лішняй інфармацыі. А яшчэ лепш ня згадвайце зусім. Мы баімся, што будзе яшчэ горш. Таму мы і да праваабаронцаў не зьвярталіся», — сказала жанчына. Яе сына вінавацяць у гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта. Жанчына спадзяецца, што суд улічыць маладосьць сына і той атрымае «ўсяго „хімію“». Што сына апраўдаюць, маці ня верыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦАСудовы канвэер
Крымінальныя справы, зьвязаныя з выбарамі, пачалі заводзіць яшчэ ў чэрвені мінулага году. Адной з першых стала справа супраць блогера Сяргея Ціханоўскага, якога затрымалі 29 траўні ў Гародні падчас збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Разам зь Ціханоўскім затрымалі некаторых актывістаў ягонага штабу.
У базе зьвестак праваабаронцаў „Вясны“ цяпер 651 прозьвішча, на сайце цэнтру пазначаны тэлефоны, на якія можна паведаміць новыя дадзеныя. Гэта ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты іх штабоў і ўдзельнікі мірных акцый пратэсту, якіх падазраюць у злачынстве, альбо ўжо абвінавацілі ці нават ужо асудзілі. Часьцей за ўсё ім інкрымінуюць 342, 363 ці 364 артыкулы Крымінальнага кодэксу. Гэта ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, супраціў міліцыі, гвалт ці пагроза гвалту адносна праваахоўніка.
Па стане на пачатак 2021 году было асуджана 75 чалавек, зь іх 7 жанчын. Прычым ніводнага разу беларускія суды не вынесьлі апраўдальнага прысуду. Сярод прызначаных пакараньняў ёсьць штраф, некалькі » хімій«, але большасьць — пазбаўленьне волі. На 2, 3, 4, у адным выпадку на 5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Смаргонях пад воклічы «Ганьба!» незалежнаму выдаўцу Рамуальду Ўлану прысудзілі 2,5 года «хіміі» за «паклёп» на міліцыянтаўЯкія працэсы пачаліся і неўзабаве пачнуцца ў новым, 2021 годзе?
Судовы канвэер у справах, зьвязаных з выбарамі, запрацаваў у першы працоўны дзень 2021 году.
Адразу стартавалі 4 працэсы: тры ў сталіцы і яшчэ адзін у Цэнтральным раённым судзе Гомлі.
У Савецкім раённым судзе Менска пачалі судзіць трох байкераў: Андрэя Іванюшына, Мікіту Афанасьева і Мікіту Траццякевіча. Хлопцы аказаліся ўдзельнікамі інцыдэнту, які адбыўся каля гандлёвага цэнтру «Эўропа» 19 верасьня. Тады байкеры спрабавалі выцягнуць з машыны свайго сябра, якога затрымалі невядомыя асобы ў цывільным. Паводле сьледзтва, абвінавачаныя ўчынілі гвалт і пашкодзілі маёмасьць супрацоўнікаў ГУБАЗіКу — галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, якую на той момант узначальваў Мікалай Карпянкоў, цяпер намесьнік міністра ўнутраных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся суд над байкерамі, якія баранілі ад узброеных людзей у цывільным іншага матацыклістаТаксама ў Савецкім раённым судзе Менску 4 студзеня пачаўся працэс над менчуком, які 16 верасьня на несанкцыянаваным мерапрыемстве пашкодзіў відэакамэру супрацоўніку міліцыі. У Першамайскім раённым судзе ў гэты ж дзень стартаваў працэс над жыхаром Менску, які 1 лістапада нібыта спрабаваў спыніць рух на праспэкце Незалежнасьці.
Варта адзначыць таксама працэс у Цэнтральным раённым судзе Гомля, дзе 4 студзеня пачалі судзіць прадпрымальніка, які, паводле абвінавачаньня, выкінуў у сьметніцу дзяржаўны сьцяг. Ён грамадзянін Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся першы суд у крымінальнай справе за шэсьце ў Курапаты, дзе 231 падазраваны5 студзеня ў Першамайскім судзе Менску пачынаецца працэс над менчуком, які ўдзельнічаў у пратэстах 14 ліпеня, калі не зарэгістравалі кандыдатамі на прэзыдэнта Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. А ў Берасьці пачнецца суд над жыхаром гораду, якога вінавацяць у тым, што ён абнародаваў ілжывыя зьвесткі пра камандзіра абласнога АМАПу і тым самым «дыскрэдытаваў пацярпелага ў вачах грамадзкасьці».
6 студзеня Фрунзэнскі раённы суд пачне разглядаць справу ўдзельніка падзей 10 жніўня ў Менску на вуліцы Прытыцкага, падчас якіх ад кулі міліцыянта загінуў пратэстовец Аляксандар Тарайкоўскі. Пазьней на месцы гібелі Тарайкоўскага ўзьнік народны мэмарыял, з якім улады пачалі ўпартую барацьбу. За надпіс «Не забудзем» па месцы гібелі Тарайкоўскага ўжо асудзілі 5 чалавек. Марыя Бабовіч, Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка атрымалі «хімію», а Максім Паўлюшчык і Ўладзіслаў Гуліс — па два гады зьняволеньня.
Таксама 6 студзеня ў Маладачанскім раённым судзе пачнецца працэс над мясцовым жыхаром, які выйшаў пратэставаць на гарадзкую плошчу 9 жніўня, ў дзень выбараў. Гэта было ў тым жа месцы і ў той самы час, калі на плошчы ў Маладэчне апошні раз бачылі зь бел-чырвона-белым сьцягам Мікіту Крыўцова. Ягоныя сябры мяркуюць, што Мікіта Крыўцоў быў забіты, а ня скончыў жыцьцё самагубствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новая хваля незадаволенасьці прывядзе да яшчэ больш маштабных пратэставых акцыяў», — расейскі палітык Уладзімер МілоўКалі будзе суд над Віктарам Бабарыкам
Пра тое, калі пачнецца працэс над Віктарам Бабарыкам, зьвестак няма. Больш за месяц таму КДБ паведаміў, што сьледзтва ў ягонай ды іншых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» справе завершанае. Пачалося азнаямленьне са справай, на якое звычайна даецца месяц. Але пазьней стала вядома, што экс-банкіру працягнулі тэрмін азнаямленьня з матэрыяламі справы. Бабарыка не прызнае сябе вінаватым і на супрацоўніцтва са сьледзтвам не пагаджаецца, паведаміў ягоны адвакат. Былога старшыню «Белгазпрамбанку» і палітыка Віктара Бабарыку трымаюць у ізалятары КДБ «амэрыканка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў загад ад першай асобы». Заснавальнік BYPOL — пра расьсьледаваньне арышту Сяргея ЦіханоўскагаКалі завершыцца расьсьледаваньне справы Сяргея Ціханоўскага і актывістаў ягонага штабу, таксама невядома. Між тым днямі ў інтэрнэце зьвіўся аўдыёзапіс размовы, дзе пра Ціханоўскага гучаць словы «Няма на яго артыкулу — трэба прыдумаць і пасадзіць, хай там здохне». Ініцыятыва BYPOL, якая распаўсюдзіла запіс, сьцьвярджае, што голас на ім падобны да голасу экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.
У Беларусі не заведзена ніводнай крымінальнай справы паводле некалькіх соцень заяваў пацярпелых ад міліцэйскага гвалту падчас падзеяў, зьвязаных з выбарамі. У тым ліку не заведзены крымінальныя справы па фактах сьмерці людзей, якія імаверна былі зьвязаныя з пратэстамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы адчулі, што яны могуць». Псыхоляг пра адмаўленьне ад сьвятаў і тое, адкуль браць сілы на год