У Англіі праз распаўсюд каранавірусу зноў увялі локдаўн

Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан увечары ў панядзелак абвясьціў аб увядзеньні на тэрыторыі Англіі карантыну ў сувязі з рэзкім ростам колькасьці заражаных каронавірусам ў апошнія тыдні.

Жыхарам рэкамэндавана пакідаць свае дамы толькі па неабходнасьці, большасьць крамаў і прадпрыемстваў сфэры паслугаў будуць зачыненыя, а школы пяройдуць на дыстанцыйнае навучаньне. Аўтаномныя ўлады Шатляндыі ўвялі на яе тэрыторыі карантын раней. Таксама раней быў уведзены карантын у Паўночнай Ірляндыі і Ўэльсе.

Гэта ўжо трэці агульнанацыянальны локдаўн у сувязі з COVID-19 — першы быў уведзены ў сакавіку, другі ў лістападзе. У пачатку сьнежня пасьля стабілізацыі сытуацыі карантын быў зьняты, аднак да канца месяца ў Лёндане і на паўднёвым усходзе Англіі пачаўся рэзкі рост колькасьці інфікаваных. Галоўнай прычынай гэтага стала распаўсюджваньне новай вэрсіі каранавірусу. Джонсан пацьвердзіў ацэнкі спэцыялістаў , што яна на 50-70 працэнтаў больш заразная, чым «звычайны» штам.

У Лёндане і ваколіцах былі ўведзеныя жорсткія абмежаваньні, аднак гэта не дапамагло запаволіць распаўсюджваньне вірусу, таму ўрад вырашыў ўвесьці новы локдаўн — ён, як мяркуецца, працягнецца да сярэдзіны лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лёндане ўвялі поўны локдаўн. Шатляндыя закрыла межы

У мінулым месяцы ў Брытаніі пачалася масавая кампанія вакцынацыі. Вакцыну атрымалі ўжо каля мільёна жыхароў краіны. Паводле прэмʼер-міністра, да сярэдзіны лютага большасьць прадстаўнікоў групаў рызыкі павінна быць прышчэпленая, пасьля чаго стане магчымым паслабленьне абмежаваньняў.

4 студзеня ў Вялікабрытаніі пачалася масавая вакцынацыя ад каранавірусу прэпаратам, распрацаваным кампаніяй AstraZeneсa і навукоўцамі Оксфардскага ўнівэрсытэту. Акрамя таго, ідзе вакцынацыя прэпаратам карпарацыі Pfizer.

Усяго за амаль год, які прайшоў з пачатку пандэміі, у Вялікабрытаніі каранавірусам заразіліся больш за 2,5 млн чалавек (перахварэў і прэмʼер Борыс Джонсан). Больш за 75 тысяч чалавек памерлі. У апошнія дні штодня выяўляецца больш за 50 тысяч новых інфікаваных — гэта самыя высокія лічбы за ўвесь час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія першай у сьвеце ўхваліла вакцыну AstraZeneca ад COVID-19