Міністэрства фінансаў ЗША пацьвердзіла прызнаньне апазыцыйнага парлямэнту Вэнэсуэлы

Вэнэсуэльскі апазыцыйны лідэр Хуан Гуайдо

Міністэрства фінансаў ЗША ў панядзелак выдала новую ліцэнзію, якая дазваляе праводзіць пэўныя апэрацыі зь лідэрам вэнэсуэльскай апазыцыі Хуанам Гуайдо, нягледзячы на ​​санкцыі ЗША супраць гэтай краіны, пацьвярджаючы падтрымку Вашынгтонам гэтага палітыка як законнага лідэра Вэнэсуэлы.

Ліцэнзія, якая замяняе сабой аналягічную папярэднюю, таксама дазваляе праводзіць пэўныя апэрацыі з Нацыянальнай асамблеяй Вэнэсуэлы і некаторымі іншымі органамі, фактычна прызнаючы падаўжэньне тэрміну дзеяньня Нацыянальнай асамблеі, якая кантралюецца апазыцыяй, на год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Вэнэсуэлы вырашыў пасьля новых выбараў працаваць у старым складзе

Тэрмін быў падоўжаны пасьля таго, як 6 сьнежня асноўная частка апазыцыі байкатавала парлямэнцкія выбары, якія былі выйграныя кіруючымі сацыялістамі прэзыдэнта Нікаляса Мадуры. Аднак паводле як апазыцыі, так і большасьці заходніх краінаў выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі.

Вярхоўны суд Вэнэсуэлы на мінулым тыдні прызнаў гэты крок падкантрольнай апазыцыйным сілам Нацыянальнай асамблеі незаконным, адкрыўшы саюзьнікам Мадуры шлях да ўлады над гэтым органам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захоўвайце адзінства». 10 урокаў Вэнэсуэлы для беларускай апазыцыі

У студзені 2019 году Вашынгтон прызнаў вэнэсуэльскага палітыка Гуайдо законным лідэрам краіны і ўзмацніў санкцыі і дыпляматычны ціск супраць ураду Мадуры пасьля яго пераабраньня ў 2018 годзе.

Мадура застаецца ва ўладзе пры падтрымцы арміі Вэнэсуэлы, а таксама Расеі, Кітаю і Кубы.