Як паведамілі ў прэсавай службе Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала толькі частку гэтых матэрыялаў.
На падставе атрыманых матэрыялаў украінскія сьледчыя атрымалі дазвол на правядзеньне сьледчых дзеяньняў у адной з эўрапейскіх краін з удзелам чалавека, які распараджаецца гэтай інфармацыяй.
Што гавораць адвакаты абвінавачаных у забойстве і экспэрты
Адвакаты абвінавачаных у забойстве Паўла Шарамета пакуль ня бачаць магчымасьці ў судовым разглядзе выкарыстаць апублікаваны запіс размовы, якая нібыта адбылася ў 2012 годзе з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, і ў якой абмяркоўвалася ліквідацыя журналіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і КДБ плянавалі забойствы апанэнтаў у Нямеччыне? Расьсьледаваньне EUObserver«Публікацыя (размовы) — не зусім той доказ, які можна выкарыстаць, бо трэба высьвятляць, ці арыгінальны запіс, хто яго зрабіў, хто ўдзельнічаў у размове», — сказаў Свабодзе Станіслаў Кулік, які абараняе Андрэя Антоненка, абвінавачанага ў выкананьні забойства Паўла Шарамета.
Адвакат нагадаў, што справа ўжо разглядаецца ў судзе, але ў ёй няма ніводнага доказу датычнасьці ўсіх трох фігурантаў да злачынства.
«Справа Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі і Яны Дугар была вылучаная зь першапачаткова заведзенай у 2016 годзе справы аб забойстве Шарамета. Гэтая справа не закрытая, і ў яе рамках сьледчыя тэарэтычна могуць і якраз павінны праверыць запіс і адпрацаваць усе вэрсіі. На жаль, у гэтай справе ўсё адбываецца не ў прававым полі і не адпаведна заканадаўству і тым больш вяршэнству права», — дадаў Станіслаў Кулік.
Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014–2015 гадах Віктар Ягун перакананы, што сьледзтва абавязана вывучыць гэтую вэрсію і далучыць да справы новыя матэрыялы. «Мяркую, абавязкова. І абарона (абвінавачаных у забойстве Шарамета) павінна зьвярнуцца з хадайніцтвам аб далучэньні да справы новых матэрыялаў і іхнага разгляду ў судзе», — сказаў экспэрт.
У той жа час Віктар Ягун мае сумневы, што апублікаваны ў эўрапейскім СМІ запіс істотна паўплывае на расьсьледаваньне.
«Вэрсія цікавая, але наўрад ці гэта паўплывае на расьсьледаваньне ва Ўкраіне. У нас тут „свой канцэрт граюць“, але для абароны гэта яшчэ адзін аргумэнт на карысьць вэрсіі пра вонкавых замоўнікаў гэтага тэрарыстычнага акту», — дадаў ён.
У выданьні «Українська правда», дзе працаваў Шарамет, пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў.
Журналісты працягваюць незалежнае расьсьледаваньне
Група журналістаў, якая з 2016 году праводзіць незалежнае журналісцкае расьсьледаваньне аб забойстве Паўла Шарамета, таксама працягвае сваю дзейнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ацэнка праваахоўнікам — нездавальняючая», — аўтары фільму «Забойства Паўла»Як паведаміла Свабодзе адна з аўтарак расьсьледаваньня Ганна Бабінец, дагэтуль сьледчыя «ня надта апрацоўвалі «беларускі сьлед».
«З таго, што мне вядома, трохі працавалі ў гэтым кірунку, але ўвесь час казалі, што зь Беларусьсю на ўзроўні органаў — цяжкая супраца».
Ганна кажа, што «Слідство.Інфо» увесь час публікуе новыя відэагісторыі са свайго расьследаваньня. «Сёлета таксама будзем працаваць і публікаваць. Магчыма, выйдзе і нешта большае», — дадала журналістка.
Журналіст «Українськой правды» Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 у выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева.
У сьнежні 2019 году паліцыя ўпершыню назвала імёны падазраваных у справе: сяржант Сілаў спэцыяльных апэрацый Андрэй Антоненка (Riffmaster), вайсковы мэдык Яна Дугар і валянтэрка Юлія Кузьменка. Яны заяўляюць аб недатычнасьці да забойства.
4 верасьня 2020 году суд пачаў разгляд справы.