Генэральная пракуратура мае правесьці праверку дзейнасьці створанай у канцы сьнежня пры Савеце Рэспублікі Рады старэйшынаў. Такое меркаваньне выказала член прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.
«Усе калегіяльныя органы Савету Рэспублікі мусяць выбірацца зь дзейнага складу яго членаў. З анонсу пасяджэньня Рады старэйшынаў няясна, на якой падставе яе стварылі».
Кавалькова лічыць, што «замест імітацыі дзейнасьці» Савет Рэспублікі павінен у рамках сваіх паўнамоцтваў «пачаць рэалізоўваць важныя для большасьці беларусаў патрабаваньні», у прыватнасьці зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасьці закону «Аб масавых мерапрыемствах», а таксама разгледзець пытаньне аб «датэрміновым вызваленьні ад пасады прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».
29 сьнежня 2020 году адбылося першае пасяджэньне Рады старэйшынаў, старшынёй якой абралі Барыса Батуру, які раней узначальваў Савет Рэспублікі 4 скліканьня, Магілёўскі аблвыканкам і Менскі аблвыканкам, а ў 2013 годзе сышоў у адстаўку зь дзяржаўнай службы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры Савеце Рэспублікі стварылі Раду старэйшынаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каардынацыйная Рада паспрабуе атрымаць афіцыйную рэгістрацыю