Біскуп Казімер Велікаселец сказаў Свабодзе, што пакуль не мае часу на камэнтар з нагоды свайго прызначэньня.
Як паведамляе vaticannews, Казімер Велікаселец нарадзіўся ў вёсцы Стараволя на Пружаншчыне. Летась адзначыў таксама сваё 75-годзьдзе. У 1984-м скончыў Рыскую духоўную сэмінарыю, дамініканін.
Ад канца 1999-х зьяўляецца дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, замяняў у Пінску кардынала Сьвёнтка, калі той быў заняты агульнабеларускімі справамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў БеларусьБіскуп Казімер Вялікаселец стала жыве ў Гомлі, які адносіцца да Пінскай дыяцэзіі, дзе ён служыць у касьцёле Нараджэньня Божай Маці і рупіцца пра будоўлю новага касьцёла – Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.
Парафія Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і аднайменны касьцёл існавалі ў Гомлі да таго часу, пакуль касьцёл не разбурылі камуністы. У 2013 годзе біскуп Вялікаселец аднавіў парафію і на працягу як мінімум чатырох гадоў дамагаўся ад уладаў дазволу на будаўніцтва новага касьцёла. Дазвол атрымалі, але храм будзе пабудаваны не на гістарычным месцы (цяпер плошча Леніна), а на ўскрайку Гомля.
Нягледзячы на дасягненьне ярархам гранічнага ўзросту для служэньня (75 гадоў), папа Францішак дазволіў яму працягваць выконваць свае функцыі прынамсі яшчэ 2 гады.
Апостальскі адміністратар прызначаецца Пантыфікам для часовага выкананьня абавязкаў біскупа вакантнай дыяцэзіі або прыраўнаванага да дыяцэзіі мясцовага Касьцёлу.
Прававы статус administrator apostolicus падрабязна вызначаецца ў папскай пастанове аб прызначэньні на пасаду.
Тадэвуш Кандрусевіч і Казімір Велікаселец даўнія знаёмцы. У 1980-х гадах малады сьвятар Кандрусевіч служыў у капліцы Вострабрамскай Маці Божай у Вільні, цывільны рабочы Велікаселец працаваў зваршчыкам на будаўніцтве гарадзкога ўнівэрмагу.
Казімер Велікаселец рэгулярна прыходзіў у храм на сьвятую імшу і хацеў вучыцца ў духоўнай сэмінарыі. Тады не хапала рэлігійнай літаратуры, і ён прасіў у ксяндза духоўныя кнігі. Так і пасябравалі, згадваў ва ўспамінах Тадэвуш Кандрусевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо пракамэнтаваў вяртаньне ў Беларусь мітрапаліта КандрусевічаТры гады ўлады не давалі Казімеру магчымасьць трапіць у Рыскую сэмінарыю. І ўсё ж, вярнуўшыся ў Беларусь, ва ўмовах кансьпірацыі рыхтаваўся да паступленьня. Двойчы езьдзіў у Маскву і ў выніку дамогся доўгачаканага дазволу. У 1981 годзе быў прыняты адразу на трэці курс.