Беларусы ўдала стартавалі на прэстыжнай гонцы «Дакар»

МАЗ аўтагоншчыка Сяргея Вязовіча, архіўнае фота

Два беларускія экіпажы фінішавалі на лідэрскіх пазыцыях у пралёгу прэстыжнай гонкі «Дакар-2021».

Аўтагоншчык Сяргей Вязовіч на «МАЗе» стаў найлепшым у заліку грузавікоў. Другое месца з адставаньнем у 1 сэкунду таксама заняў экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага. Трэцім фінішаваў экіпаж Марціна Маціка з каманды Big Shock Racing.

Па выніках 11-кілямэтровага пралёгу вызначыўся парадак старту на першым спэцучастку. Асноўная частка шматдзёнкі «Дакар» стартуе 3 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі МАЗ упершыню выйграў этап ралі-рэйду «Дакар»

Сёлета «Дакар» пройдзе ў Саудаўскай Арабіі. Удзельнікі маратону за 12 этапаў пераадолеюць агулам 7776 кілямэтраў, зь іх 4767 — гэта спэцучасткі на час праходжаньня.

Спачатку плянавалася, што ралі ахопіць некалькі краін, аднак праз пандэмію каранавірусу было вырашана абмежавацца Саудаўскай Арабіяй.