Бюро Дзярждэпартамэнту ЗША заклікала ўлады Беларусі спыніць гвалт і затрыманьне невінаватых

Неадкладна вызваліць усіх несправядліва затрыманых у Беларусі заклікала бюро ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

«Мы разам з беларускім народам… Беларускія ўлады павінны неадкладна спыніць гвалт і затрыманьне невінаватых», — падкрэсьліваецца ў звароце бюро, які цытуе агенцтва БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія магчымыя наступствы Акту аб дэмакратыі ў Беларусі

Бюро прапанавала падчас сьвяткаваньня Новага году «ўспомніць пра палітвязьняў, несправядліва затрыманых у Беларусі за адстойваньне свабоды». «Мы аддаём належнае іх негвалтоўнай барацьбе за правы чалавека і дэмакратычную будучыню сваёй краіны», — падкрэсьліваюць у зьнешнепалітычным ведамстве ЗША і адзначаюць, што ня маюць магчымасьці сустрэць Новы год дома больш за 160 беларускіх палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 100 чалавек сустрэнуць Новы 2021 год «на сутках» за пратэсты

Бюро прыводзіць выказваньне Вадзіма Жаромскага — мужа каардынатаркі валянтэрскай службы праваабарончага цэнтра «Вясна» Марыі (Марфы) Рабковай, якая знаходзіцца пад вартай: «Я падзяляю мару многіх. Мы ўсе хочам аднаго: спыніць зьнішчэньне нашай краіны».

Валянтэрская служба «Вясны» паведамляе, што бюро Дзяржаўнага дэпартамэнту распачало кампанію вызваленьня Рабковай, а ўрад ЗША будзе ўважліва сачыць за яе лёсам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6918 дзён адміністрацыйнага арышту. Праваабаронцы ацанілі маштаб рэпрэсій у сьнежні

Рабкова была затрыманая 17 верасьня 2020 года. Яна зьяўляецца абвінавачванай па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучаньне альбо іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менска. Тэрмін утрыманьня Рабковай пад вартай працягнуты да 17 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістцы «Вясны» Марфе Рабковай падоўжылі арышт, яе лісты на волю прыходзяць напалову выкрасьленыя цэнзарам