«Прыярытэтнымі пытаньнямі падчас старшынства Швэцыі будуць зацяжныя канфлікты ў рэгіёне, абарона эўрапейскай сыстэмы бясьпекі і засяроджваньне ўвагі на дэмакратыі, вяршэнстве закону, правах чалавека і гендэрнай роўнасьці як часткі працы па ўсталяваньні міру і бясьпекі. Гэта канфлікты і крызісы, якія працягваюцца ў рэгіёне АБСЭ, а таксама сытуацыя, якую мы назіраем у Беларусі, Украіне і вакол яе, рост напружанасьці вакол Нагорнага Карабаху патрабуюць нашай агульнай увагі. Гэта, вядома, будзе на парадку дня з пачатку году», — падкрэсьліла Ліндэ на сваёй старонцы ў Твітэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня АБСЭ расчараваны адмовай Менску прыняць пасярэдніцтва арганізацыіПаводле яе слоў, дзясяткі тысяч дэманстрантаў у Беларусі выступаюць за гарантаваньне іх правоў, і Швэцыя заўсёды падтрымлівае людзей, якія патрабуюць дэмакратыі.
Старшынства ў АБСЭ перайшло да Швэцыі ад Альбаніі. Праз некалькі дзён пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі дзейны на той момант старшыня АБСЭ прэм’ер-міністар Альбаніі Эды Рама накіраваў беларускім уладам ліст з просьбай арганізаваць візыт для яго і будучага старшыні арганізацыі Ан Ліндэ для сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду і апазыцыі. Ён падкрэсьліў, што адкрыты і канструктыўны дыялёг неабходны для таго, каб Беларусь магла рухацца далей, і АБСЭ гатова аказаць гэтаму садзейнічаньне.
Беларускія ўлады не далі згоды на візыт і адкінулі неаднаразовыя прапановы аб пасярэдніцтве АБСЭ для выхаду з палітычнага крызісу.
Ан Ліндэ ня раз жорстка выказвалася ў адрас афіцыйнага Менску. У сярэдзіне лістапада яна сустрэлася з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай.