Папа Францішак ня будзе весьці сьвяточныя набажэнствы праз хваробу

Папа Францішак, 25 сьнежня 2020 г.

Папа Рымскі Францішак сёлета не ўзначаліць сьвяточныя набажэнствы напярэдадні Новага году і 1 студзеня ў сувязі з болем у правай назе.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі», спасылаючыся на прэс-службу Ватыкану.

З часу, як Францішак стаў пантыфікам у 2013 годзе, гэта першы выпадак, калі ён прапускае такое мерапрыемства праз стан здароўя. У гэтым месяцы Папу Францішку споўнілася 84 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі заклікаў забясьпечыць вакцынамі і лячэньнем усіх людзей

Вечаровую службу замест папы рымскага правядзе кардынал Джавані Батыста Рэ, а імшу 1 студзеня, прысьвечаную Ўсясьветнаму дню міру, будзе служыць кардынал П’етра Паралін, дзяржаўны сакратар Сьвятога Прастолу.

Папа Францішак пакутуе на ішыялгію — захворваньне, пры якім боль распаўсюджваецца ад ніжняй часткі сьпіны ўздоўж сядалішчнага нэрву да ніжняй часткі цела. Праз гэта ў яго пэрыядычныя цяжкасьці з хадою. Пантыфік рэгулярна праходзіць фізіятэрапію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасланьнік Папы Рымскага перадаў Лукашэнку «трывогу і заклапочанасьць» пантыфіка падзеямі ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч пра вяртаньне ў Беларусь: «Пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля!» ВІДЭА