2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: студзень

Тэадор Русэль, «Чытачка» (1887)

Агляд выдавецкіх навінаў студзеня 2021.

Любоў да добрых кніг плаўна перакрочыла навагодні парог. Сталыя і маладыя чытачы, паважныя карыфэі слова і руйнавальнікі ўсталёваных моўных правілаў і клясычнага стылю, пераборлівыя выдаўцы і вынаходлівыя кнігагандляры — усіх вас віншуем з Калядамі і Новым годам! Зычым цудоўных чытацкіх адкрыцьцяў, арыгінальных творчых знаходак, пасьпяховых выданьняў і вялікіх продажаў!

А мы па-ранейшаму ў першую суботу кожнага месяца будзем старацца арыентаваць вас у бязьмежным кніжным моры.

Паэзія

Сямён Ханін. «Уключаючы рэшту». Пераклад з расейскай Андрэя Хадановіча. Менск, І. Логвінаў.

Сямён Ханін — вядомы латвійскі расейскамоўны паэт. Адзін са стваральнікаў тэкст-групы «Арбіта». Пэрформэр, адкрыты да разнастайных мультымэдыйных праектаў. Хавае ў сабе іпастась Аляксандра Запаля, перакладчыка латыскай паэзіі на расейскую мову.

«Ханін — паэт неабмежаванага дыяпазону. Высокі штыль у яго вершах вітаецца за руку з прастамоўем, а фразэалягізмы стукаюцца локцямі з канцылярытам. Рыфмы высоўваюцца з тэксту, як русалкі, каб пляснуць па яго паверхні хвастом вэрлібра. Пырскі і ёсьць чыстай паэзіяй», — кажа перакладчык.

каму здаць кватэру, каб чалавек
надзейны быў, не загадзіў усё
і каб жа плаціў яшчэ спраўна
прытым што, так, краны трохі цякуць
і кафля ўвесь час проста валіцца ў ванну
кватэрка зусім невялікая, хоць і ў цэнтры
і шмат непатрэбнае мэблі, і прусакі
а галоўнае, як здасі, то дзе жыць самому?

Андрэй Сэн-Сэнькоў. «Лёгкі, як атлетыка». Пераклад з расейскай Дзьмітрыя Дзьмітрыева, Тацяны Дзьмітрыевай, Марыі Маліноўскай, Андрэя Хадановіча. Чэбаксары-Менск.

Андрэй Сэн-Сэнькоў — адзін з найвядомейшых сучасных расейскіх лірыкаў, якому належыць больш чым дзясятак зборнікаў, а таксама дзіцячыя казкі і паэтычныя пераклады. Аўтар бліскучых вэрлібрычных мініятураў, збудаваных на нечаканых мэтафарах і трапных дэталях. Беларуская кніга паэта падрыхтаваная ў межах трэцяга міжнароднага фэстывалю «Паэзія бязь межаў» (Рыга).

Мацярынства, што ня бачыць сноў

Птушыная галава
тая што жыве
у доміку гадзіньніка на сьцяне
зламалася бесьперастанку хрыпіць
хачу дзетак хачу птушанятак я іх нікому не аддам
я добрая я несапраўдная зязюля

Проза

Алесь Гародня. «Варта на Рэйне». Менск, «Галіяфы».

Нямеччына часоў Першай сусьветнай вайны. Рабочы фабрыкі электрапрыладаў Альфрэд Кляйн мабілізаваны на фронт. Ён праходзіць вайну ад пачатку і да канца, не разумеючы яе сэнсу і мэтаў, а потым далучаецца да рэвалюцыйных падзей. Ягоная дзяўчына Грэтхэн застаецца ў Бэрліне, страчвае працу і вымушана пайсьці на панэль…

Аповесьць напісана ў 1927 годзе наватарскім для таго часу фэльетонна-футурыстычным стылем. Месцы, падзеі, людзі, словы, думкі, спадзяваньні — усё быццам бы зьліваецца ў адзін шалёны вір-калейдаскоп, імя якому — вайна. Упершыню «Варта на Рэйне» была надрукаваная ў 1930-м.

Алесь Гародня (сапр. Аляксандар Функ, 1899–1944) паходзіў зь нямецка-расейскай сям’і, але захапіўся беларушчынай. Абвінавачаны сталіністамі ў нацыянал-дэмакратызьме, за што яго двойчы арыштоўвалі. Памёр у ГУЛАГу.

Мікола Адам. «Сёстры». Менск, «Галіяфы».

Новы раман Міколы Адама правакуе на кожным кроку. Выкраданьне галоўных пэрсанажаў, вайна на Данбасе, каханьне, Бэрлін, Нью-Ёрк, Менск — карагод падзеяў і гарадоў раскручваецца, нібыта сьпіраль. Жыцьцё дзьвюх родных сёстраў ператвараецца ў сапраўдны трылер.

Нон-фікшн

Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том 2, кніга 1.Укладальнікі
Андрэй Буча і Аляксандр Горны. Менск, «Кнігазбор».

Кніга працягвае распачатую Сяргеем Шупам у 1998 годзе сэрыю «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі». Аснову першага тома сэрыі склалі дакумэнты з Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіву. У другім томе будуць надрукаваныя дакумэнты па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі з Дзяржаўнага архіву Расейскай Фэдэрацыі. У дакумэнтах адлюстраваная міжнародная, палітычная, эканамічная, культурная дзейнасьць ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама шматлікія іншыя аспэкты гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў 1918 годзе.

Віталь Юрэвіч. «Горад-прывід на Палесьсі або Абрысы старажытнага Турава. Менск, «Кнігазбор».

«Неяк пры размове з адным з археолягаў прыйшлося пачуць яго абурэньне ў дачыненьні да пераважнай большасьці нашых суайчыньнікаў. Размова ішла аб тым, што беларусы, калі цікавяцца гісторыяй, ледзь ня моляцца аб’ектам сусьветнай спадчыны, але ж у асноўным грэбуюць мінулым сваёй
Зямлі», — зазначае ў прадмове аўтар, настаўнік гісторыі са Старадарожчыны Віталь Юрэвіч. Сам ён улюбёны ў родную даўніну, актыўна спрыяе пашырэньню ведаў пра яе.

Юрэвіч далей тлумачыць, чаму ён напісаў кнігу пра палескі горад-прывід, назва якога амаль супадае з ягоным прозьвішчам. Юравічы, што ў Калінкавіцкім раёне, — самая даўняя гістарычная стаянка людзей у Беларусі. Але гэта — не адзіная таямніца тых мясьцін. Там жа знаходзяцца сьляды значнага па памерах горада часоў старажытнарускіх дзяржаў, і гэты горад не зьяўляўся шараговым, а верагодна, быў цэнтрам нейкага княства. Кніга напісана на падставе археалягічных дасьледаваньняў кандыдата гістарычных навук Алега Іова.

Валянціна Навіцкая. «Уладзімер Караткевіч — празаiк і яго мадэлi мастацкага мысьленьня». Менск, «Лімарыюс».

У манаграфіі дасьледуецца спэцыфіка творчага мэтаду клясыка беларускага прыгожага пісьменства. Аўтарка падрабязна аналізуе адметнасьці ягонага таленту, які па меры ўдасканаленьня майстэрства пісьма і ў залежнасьці ад філязофска-эстэтычных і фармальна-стылістычных задач набываў дамінантныя рысы рамантычнага, рэалістычнага або мадэрнісцкага спосабаў увасабленьня рэчаіснасьці. Пры гэтым заставалася прастора для іх сынкрэтычнага ўзаемадзеяньня. Кніга зацікавіць усіх прыхільнікаў творчасьці Ўладзімера Караткевіча.

Дзіцячая літаратура

Галіна Ўдавічэнка. «36 і 6 катоў-дэтэктываў». Пераклад з украінскай Альжбэты Малішэўскай-Спрынчан, Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан. Менск, «Кнігазбор».

Гэта ўжо другая кніга ўкраінскае аўтаркі па-беларуску з папулярнае кацінае сэрыі. Першая — «36 і 6 катоў» — выйшла летась увесну. А цяпер — «36 і 6 катоў-дэтэктываў».

Галоўныя героі абедзьвюх тыя ж самыя, а падзеі зусім іншыя. У другой кнізе вядзецца захапляльная дэтэктыўная гісторыя пра тое, як скралі каціныя творы мастацтва (драпапіс) і як каты-мастакі шукаюць злачынцу. Да іх далучаюцца яшчэ і сабакі. Вядома ж — фінал шчасьлівы.