Затрымалі і аштрафавалі на пратэставай акцыі
Ірыне Здоце 55 гадоў, стаж у мэдыцыне — 30 гадоў, лекарка 1 катэгорыі. Большую частку жыцьця яна працавала ў Гомлі, 6 гадоў таму прыехала ў Ліду да хворых бацькоў. Працавала акушэрам-гінэколягам у прыватным мэдычным цэнтры «Профімэд», вядомая працай зь бясплоднасьцю. Мае 3 групу інваліднасьці.
25 кастрычніка яе жорстка затрымалі на акцыі салідарнасьці ў Лідзе, пратрымалі суткі да суду і аштрафавалі на 270 рублёў. Пасьля затрыманьня Ірына Здота напісала ў пратэставым чаце Ліды зварот да жанчын зь сілавых структураў, каб тыя бліжэйшым часам не прыходзілі да яе на прыём.
«Але я ім не адмаўляла. Ніякіх інцыдэнтаў у мяне пасьля гэтага не было», — кажа лекарка.
Кіраўніцтва прапанавала звольніцца
Пасьля гэтага дырэктар мэдычнага цэнтру Сяргей Рак патлумачыў ёй, што ў райвыканкаме ад яго запатрабавалі звольніць лекарку з прычыны ейных «палітычных актыўнасьцяў». 15 сьнежня дырэктар прапанаваў ёй звольніцца з 1 студзеня 2021 году па ўласным жаданьні. Доктарка не пагадзілася.
Як расказала Ірына Здота, 29 сьнежня ёй далі папярэджаньне «задняй датай» нібыта за сярэдзіну лістапада, калі зь ёй праводзілі гутарку, каб не займалася на працы палітычнай актыўнасьцю. Мелася на ўвазе абвестка Здоты ў пратэставым чаце.
«Адбылася вельмі непрыгожая сытуацыя, нават бойка, з заломваньнем рук у прысутнасьці пацыентаў... Я падышла да ксэраксу, паклала паперку. Ён прыбег да мяне: «Я не дазволю гэтага рабіць». Я кажу: «Чаму?» — «Не дазволю». Я пайшла ў гардэроб, каб узяць тэлефон і сфатаграфаваць, ён пабег за мной, заламаў мне руку, вырваў гэтыя паперкі і сказаў: «Я з вамі нянькацца больш ня буду», — узгадвае суразмоўца канфлікт са сваім кіраўніком.
Ірына Здота кажа, што яе цэняць, у яе не было недахопу пацыентаў.
«Калі ў некаторых няма пацыентаў у сувязі з „каронай“, то ў мяне ёсьць. Працую, стараюся... Проста вельмі шмат дзяцей нарадзілася, таму жанчыны за мяне. Пасьля 500 я перастала лічыць. Дзеці ў мяне вельмі лёгка нараджаюцца», — патлумачыла Ірына Здота.
«У нас былі вельмі добрыя адносіны з дырэктарам да 9 жніўня... Мы спрабавалі з дырэктарам гаварыць. Кажу: «Вы разумееце, людзей забіваюць? Як разумець, калі Рому Бандарэнку забілі? У мяне сын равесьнік. Я мяркую, лекары павінны быць больш салідарныя», — кажа доктарка.
30 сьнежня Ірына Здота далучылася да страйку і агучыла агульнанацыянальныя патрабаваньні: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненьне гвалту і вызваленьне палітзьняволеных.
Яна гатовая, што яе звольняць. Да пэнсіі Ірыне Станіславаўне засталося некалькі гадоў. Новай працы няма. Зьяжджаць за мяжу ня хоча. Знаёмыя прапанавалі ёй дапамагчы з працай у Польшчы, Чэхіі, ЗША.
«Зь Нью-Ёрку званілі — прыяжджай, мы нешта прыдумаем. Я не хачу зьяжджаць», — кажа Ірына Здота.
Атрымаць камэнтар у дырэктара мэдычнага цэнтру «Профімэд» на момант публікацыі не атрымалася.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.