Ільлю Туркова асудзілі на 4 гады калёніі агульнага рэжыму, паведаміла «Вясна». 14 ліпеня падчас стыхійных пратэстаў у цэнтры Менску ён штурхнуў і двойчы ўдарыў па сьпіне амапаўца.
Туркоў сказаў на судзе, што быў у Менску па працоўных справах, аб пратэстах ня ведаў. А калі апынуўся ў цэнтры і пабачыў шмат людзей, зацікавіўся, што адбываецца.
Сказаў, што іншыя людзі яго падхапілі пад рукі, і ён на «хвіліны дзьве-тры» аказаўся ў счэпцы.
Потым убачыў, як два амапаўцы сталі біць дручком аднаго хлопца.
«Для мяне гэта непрымальна, калі на безабароннага маладога хлопца накідваюцца, калі можна так сказаць, жлабы — вялізныя людзі», — сказаў Туркоў.
Ён патлумачыў, што хацеў адцягнуць сілавіка, паддаўся эмоцыям і «два разы ўдарыў кулаком у вобласьць сьпіны».
У апошнім слове ён расказаў, што ягоная сямʼя засталася бяз грошай, бо жонка нядаўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку, але мусіць дома даглядаць дзіця, бо ў садку — карантын праз каранавірус.
У выніку судзьдзя Тацяна Ліньнік прызнала Ільлю Туркова вінаватым у двух злачынствах: гвалце супраць міліцыянта і актыўным удзеле ў беспарадках. Акрамя 4 гадоў зьняволеньня, яна прысудзіла яму сплаціць 500 рублёў амапаўцу за маральную шкоду.
Ільля Туркоў плянуе абскардзіць вырак.
14 ліпеня ў Менску адбыліся акцыі пратэсту супраць адмовы Цэнтравыбаркаму зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчука, які адбіваў пратэстоўца ад апамаўцаў, асудзілі на 4 гады зьняволеньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчука асудзілі на тры гады калёніі за напад на амапаўца 14 ліпеня