Улады Менску налічылі ў сталіцы 67 тысяч «дармаедаў»; зь іх, паводле інфармацыі гарвыканкаму, 12,7 тысячы чалавек не працуюць больш за 10 гадоў. Лічбы камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны апублікавалі ў телеграм-канале «Минск. Официально».
«Сёньня прыходзіцца канстатаваць, што ёсьць пэўная катэгорыя грамадзян, якая прынцыпова не жадае працаваць, на прапановы аб дапамозе ў пошуку падыходзячых вакансіяў адказвае адмовай. І гэта непрымальная пазыцыя: грамадзяне, якія атрымліваюць пэўныя льготы і карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, павінны ўносіць свой пасільны ўклад у развіцьцё грамадзтва», — заявіў старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў.
Ён таксама адзначыў, што не занятымі ў эканоміцы лічацца грамадзяне, якія не працуюць досыць доўгі час, але пры гэтым маюць «нядрэннае жыльлё, аўтамабілі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці», аднак падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны ня плацяць.
«У гэтым пытаньні неабходна прымаць прынцыпова жорсткія меры», — сказаў на заканчэньне кіраўнік гораду і даручыў сур’ёзна актывізаваць працу з «дармаедамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля загаду Лукашэнкі ў Горадзенскай вобласьці першымі пачалі складаць базы беспрацоўныхПры гэтым гарадзкія ўлады запэўніваюць, што працы хапае — «было б жаданьне». Колькасьць вакансій на сталічным рынку працы, паводле чыноўнікаў, перавышае 17 тысяч; больш за 2 тысячы наймальнікаў прапануюць працаўладкаваньне.
Менскі гарвыканкам для «максымальнага стымуляваньня працаздольных грамадзян да легальнай занятасьці» накіраваў у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапановы па зьмене некаторых нормаў заканадаўства, перадае TUT.BY. Прапановы тычацца ўзмацненьня падатковага кантролю для выяўленьня схаваных ад падаткаабкладаньня даходаў і іх абавязковага дэкляраваньня, узмацненьня жорсткасьці падыходаў у частцы аплаты жыльлёва-камунальных паслуг для ўсіх непрацоўных грамадзян працаздольнага ўзросту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская ў адказ на заяву Лукашэнкі сказала, хто ў Беларусі галоўны дармаедУ 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў «дэкрэт аб дармаедзтве». Згодна з указам, кожны афіцыйна непрацуючы больш за 180 дзён у годзе грамадзянін краіны павінен паводле вынікаў года заплаціць у казну каля 170 эўра ў якасьці «падатку» і як кампэнсацыю сацыяльных выдаткаў, якія дзяржава выдаткавала на яго ўтрыманьне.
Указ выклікаў у Беларусі масавыя пратэсты: жыхары краіны справядліва паказвалі на тое, што часта проста ня могуць знайсьці працу з-за праблем у эканоміцы (якія ў тым ліку паўсталі з-за дзеяньняў уладаў) і адмаўляліся плаціць падатак.
У студзені 2018 года «падатак на дармаедаў» быў адменены. Але ідэю прымусіць непрацуючых плаціць улады Беларусі не кінулі. З 2019 года непрацуючыя грамадзяне павінны аплачваць у поўным памеры кошт гарачай вады, газу і ацяпленьня, якія ў Беларусі субсыдуюцца дзяржавай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае „Слова 2017 году“ — „дармаед“