Гэта другая вакцына, сертыфікаваная ў Брытаніі — пасьля вакцыны, распрацаванай Pfizer і BioNTech. Вялікая Брытанія адной зь першых у сьвеце пачала масавую вакцынацыю.
Са зьяўленьнем новага прэпарату, паводле міністра аховы здароўя Мэта Хэнкака, зьявіліся шанцы на тое, што эпідэмія COVID-19 у Брытаніі будзе пераможаная ўжо вясной. Празь некалькі месяцаў, як чакаюць улады, у краіне будуць прышчэпленыя мільёны людзей, перш за ўсё прадстаўнікі груп рызыкі.
Прэм’ер-міністар Борыс Джонсан назваў рэгістрацыю оксфардзкай вакцыны фантастычнай навіной і трыюмфам брытанскай навукі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі людзей павінны захварэць, каб узьнік калектыўны імунітэт да COVID-19? Новыя лічбыВакцына AstraZeneca зьяўляецца адэнавіруснай вэктарнай, яе дзеяньне грунтуецца на іншых прынцыпах, чым у РНК-вакцын, такіх як прэпарат Pfizer. У ходзе клінічных выпрабаваньняў вакцына паказала 70-працэнтную эфэктыўнасьць, што прыкметна ніжэй, чым у яе канкурэнтаў. Аднак некалькі дзён таму прадстаўнікі AstraZeneca заявілі, што ўдасканалілі «формулу» вакцыны, і цяпер яе эфэктыўнасьць павінна быць супастаўная з вакцынамі канкурэнтаў. Пры гэтым яе сабекошт ніжэйшы і яе зручней захоўваць і перавозіць.
Брытанія стала першай краінай, якая ўхваліла оксфардзкую вакцыну. Да канца 2021 году кампанія мяркуе вырабіць да 3 млрд дозаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі лічбы Расстату аб сьмяротнасьці хворых на COVID-19 аказаліся значна большымі за лічбы апэратыўнага штабуУ Расеі ўхвалена таксама вектарная вакцына «Спутник V» інстытуту імя Гамалеі. Раней AstraZeneca і расейскі інстытут дамовіліся аб дасьледаваньні эфэктыўнасьці магчымай камбінацыі дзьвюх вакцын.
- У Брытаніі ў апошнія тыдні адзначаны рэзкі рост колькасьці заражэньняў каранавірусам — у тым ліку з прычыны распаўсюджваньня новага штаму віруса, які, паводле мэдыкаў, больш заразны. З прычыны зьяўленьня новага штаму жорсткі каранцін уведзены ў Лёндане і яго ваколіцах. Шэраг краін часова перапынілі авіязносіны ў Брытаніяй. У сераду стала вядома, што новы штам упершыню выяўлены ў ЗША.