Памочнік Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці і экс-міністар унутраных спраў Беларусі Юрый Караеў даў інтэрвію блогеру Аляксею Голікаву, у якога 23 тысячы падпісчыкаў на YouTube.
Экс-міністар расказаў, што зьяўляецца хрысьціянінам: пахрысьціўся ў 42 гады, цяпер яму 54. Ён заявіў, што хоць хрысьціянства не прымае гвалту, але адкідаць яго цалкам не атрымліваецца.
«Ну мы ж вайсковыя людзі. Нейкія адступленьні ў вайсковых людзей павінны быць. Калі памятаць толькі пра тое, што гвалт не прымаецца, тады ўсе добрыя людзі павінны раззброіцца і бясконца падстаўляць правую пасьля левай. Для захаваньня дзяржаў, грамадзкага парадку нейкі мінімальны, сувымерны гвалт усё ж бывае. І безь яго немагчыма», — заявіў Караеў.
На пытаньне пра свае дзеяньні ў жніўні падчас акцыяў супраць фальсыфікацыі выбараў экс-міністар адказаў:
«Я не арганізоўваў гвалту. Я арганізоўваў ахову грамадзкага парадку, каб функцыянавалі ўсе аб’екты жыцьцядзейнасьці, транспартныя артэрыі, камунікацыі і нармальнае жыцьцё населеных пунктаў і краіны — вось што я арганізоўваў».
Як вядома, ні па адным з фактаў зьбіцьця і траўмаў, якія нанесьлі сілавікі, і па фактах гібелі дэманстрантаў дагэтуль няма ніводнай крымінальнай справы.
Што вядома пра блогера Голікава
Сёлета некалькі берасьцейцаў падалі заяву на праўладнага блогера Аляксей Голікава, апісаўшы правапарушэньні зь ягонага боку. Таксама дадалі спасылкі на відэатрансьляцыі. «Аўтар ютуб-каналу Аляксей Голікаў браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Пры тым, што ён не зьяўляецца акрэдытаваным журналістам», — спасылаецца на заяву «Эўрарадыё».
На думку заяўнікаў, у дзеяньнях блогера таксама прысутнічае паклёп на іншых грамадзянаў.
«Голікаў абвінавачвае чалавека ў тым што той „абкураны“ і „відавочна ў нецьвярозым стане“, ня маючы ў наяўнасьці дакумэнтальна пацьверджаных фактаў. Такім чынам, у роліку адбываецца распаўсюд загадзя лжывых зьвестак, якія няславяць іншую асобу», — камэнтуюць заяўнікі іншае відэа.
Пракуратура Берасьцейскай вобласьці накіравала заяву ў аддзел унутраных спраў Ленінскага раёну Берасьця. У выніку ні па адным з фактаў Голікаў ня быў прыцягнуты да адказнасьці.
«Довады, выкладзеныя ў звароце, не знайшлі свайго пацьвярджэньня», — адказаў намесьнік начальніка аддзелу Мікалай Самасюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦАГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акрэсьціна ня мае патрэбы ў параўнаньні. Развагі нямецкага гісторыка пра тэрміналёгію і мінулае