Удзельніцы жаночых маршаў, Ціханоўская, Багінская... Выбралі жанчын 2020 году

Адзін з жаночых маршаў у Менску.

Усе ўдзельніцы жаночых маршаў — жанчыны 2020 году. Такі вынік галасаваньня ў свабодаўскай суполцы ў фэйсбуку «Толькі жанчыны». Першае месца з 30 намінацый атрымалі жанчыны, якія выходзілі на жаночыя акцыі пратэсту са жніўня па сьнежань 2020 году.


Намінаваныя таксама былі Кацярына Андрэева, Кацярына Барысевіч, Вольга Гарбунова, Вольга Карач, Натальля Дуліна, Алена Доўнар, Ганна Севярынец, Аляксандра Дынько, Вольга Севярынец, Марфа Рабкова, Яўгенія Пастарнак, Алена Талстая, Алена Шчарбінская, трыё Калесьнікавай, Цапкалы і Ціханоўскай, 23 жанчыны-палітвязьні ды іншыя.


1 месца — удзельніцы жаночых маршаў

12 жніўня. Першы ланцуг салідарнасьці на Камароўцы ў Менску.

Жаночыя ланцугі салідарнасьці распачаліся ў жніўні як мірны адказ на жорсткі гвалт уладаў. Спачатку гэта былі ланцугі салідарнасьці ў розных месцах, потым яны перарасьлі ў масавыя жаночыя маршы па суботах. Першапачаткова затрыманьняў на жаночых акцыях было няшмат, пазьней удзельніц жаночых акцый пачалі затрымліваць гэтак жа масава і брутальна, як і падчас нядзельных акцый. Жаночыя пратэсты працягваюцца дагэтуль у розных фарматах — гэта і гуляньні зь бел-чырвона-белымі парасонамі ў розных гарадах, і жаночыя паэтычныя маратоны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Табе ніхто ня дасьць», віск супраць дубінак. Удзельніцы пра «кухню» жаночых маршаў 


2 месца — Сьвятлана Ціханоўская

2 жніўня. Сьвятлана Ціханоўскай на выбарчым мітынгу ў Берасьці.

Яшчэ на пачатку лета пазнаць у твар Сьвятлану Ціханоўскую маглі толькі нешматлікія журналісты, але пасьля жніўня значная частка беларусаў лічыць яе законна абраным прэзыдэнтам краіны і нацыянальным лідэрам. За кароткі прамежак часу Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь вялікай колькасьцю эўрапейскіх лідэраў; анансавалі яе сустрэчу з абраным прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Уплывовыя сусьветныя мэдыя ўключаюць Ціханоўскую ў сьпісы самых вядомых і ўплывовых жанчын.

Трэцяга сьнежня Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што гатовая ўзначаліць Беларусь цягам пераходнага пэрыяду, працуючы разам з Каардынацыйнай радай і Кабінэтам прадстаўнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стыліста ў мяне няма». Ціханоўская – экспэрткам, якія прааналізавалі яе адзеньне і выступы

3 месца — Ніна Багінская

Ніна Багінская на Маршы мудрасьці 19 кастрычніка.

Пастаянная ўдзельніца акцый пратэсту ў сучаснай Беларусі цягам апошніх некалькі дзесяцігодзьдзяў. Аднак менавіта гэтым летам 73-гадовая мянчанка стала сапраўдным сымбалем мірнага пратэставага руху. Безь яе выяваў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і словаў «Я гуляю» ўжо немагчыма ўявіць Беларусь узору лета-восені 2020 году.

Your browser doesn’t support HTML5

Ніна Багінская: «Веру ў зьмену ўлады летам»

Радыё Свабода прысудзіла Ніне Багінскай штогадовую прэмію «Людзі Свабоды».

2020-ы — Год жанчын


2020 — непрадказальны, незвычайны, драматычны год для ўсёй Беларусі. Яго часта называюць годам жанчын — нацыянальная лідэрка Ціханоўская, жаночае трыё аб’яднаных штабоў, запамінальныя жаночыя маршы, яркая постаць Калесьнікавай, усенародная вядомасьць Ніны Багінскай... Жанчыны прымалі рашэньні, былі субʼектамі ў самых вырашальных сытуацыях. Ці сапраўды гэта быў год жанчын? Якія жанчыны адыгралі нэгатыўную, выключна адмоўную, злачынную ролю ў 2020 годзе? Наколькі за гэты год беларускае грамадзтва прасунулася ў пытаньнях гендэрнай роўнасьці, усьвядоміла праблему хатняга гвалту? Гендэрныя вынікі 2020 году ў перадачы «Толькі жанчыны» падсумоўваюць гендэрная экспэртка, сацыёляг Ірына Саламаціна і блогерка, журналістка Наста Захарэвіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі народ, Ціханоўскія, дактары ды іншыя Героі 2020 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніна Багінская — «Чалавек Cвабоды – 2020»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае слова 2020 году — „Жыве!“
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бараноўскі, Бахарэвіч, Абламейка. Найлепшыя кнігі 2020 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ялінка-варажбітка. Як пройдзе ваш 2021 год?