Сьледчы Фрунзэнскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Менску Кудзеля ў сваёй пастанове назваў хадайніцтвы старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца і галоўнай рэдактаркі газэты «Новы Час» Аксаны Колб «неабгрунтаванымі і нематываванымі».
У дакумэнце Кудзеля піша пра тое, што мае «дастатковыя падставы» лічыць, што Дар’я Чульцова можа схавацца ад крымінальнага перасьледу і суду.
Хадайніцтвы аб вызваленьні другой зьняволенай журналісткі «Белсату» — Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — пакуль застаюцца без разгляду, хоць іх таксама накіравалі ў Сьледчы камітэт некалькі тыдняў таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да бацькоў палітзьняволенай Чульцовай прыходзілі зь ператрусам, Андрэева ў СІЗА перанесла алергічны прыступЖурналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада, калі іх затрымалі пасьля жывога эфіру для «Белсату» з разгону сілавікамі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на «плошчы Пераменаў» у Менску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК РБ). Іх прызналі палітычнымі вязьнямі.
Пад вартай і журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч. Генэральная пракуратура распачала супраць яе крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 178 КК — раскрыцьцё лекарскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Гэта за тое, што яна апублікавала артыкул, у якім са спасылкай на аналізы было паказана, што памерлы Раман Бандарэнка быў цьвярозы, у той час як Аляксандар Лукашэнка і сьледчыя сьцьвярджалі, што ён падчас бойкі быў п'яны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўтары тысячы грамадзян Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краін патрабуюць вызваліць беларускіх журналістак