Генэральны сакратар Латвійскай хакейнай асацыяцыі Вістурс Козялс паведаміў пра гэтую дату пасьля сваёй асабістай размовы з прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі хакею (ІІХФ) Рэнэ Фазэлем, піша ТАСС.
Чэмпіянат сьвету ў хакеі 2021 году плянавалі правесьці ў дзьвюх краінах — Беларусі і Латвіі. Розыгрыш заплянаваны ў сталіцах краін, Менску і Рызе. Калі з латыскім бокам усё стабільна — краіна дала гарантыі гатоўнасьці да чэмпіянату, у здольнасьці Беларусі прыняць розыгрыш без інцыдэнтаў ІІХФ сумняваецца. Беларускі фонд спартовай салідарнасьці заклікае пазбавіць Менск чэмпіянату сьвету за сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, катаваньні і забойства мірных пратэстоўцаў.
Напярэдадні фонд атрымаў ліст з МФХ, у якім Фазэль паведаміў пра пачатак праверкі ў адносінах да старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава наконт ягонай датычнасьці да гібелі пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. Пры гэтым функцыянэр падкрэсьліў нежаданьне закранаць палітычныя тэмы, арганізацыя стараецца захаваць палітычную нэўтральнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя хакею пачала расьсьледаваньне адносна Дзьмітрыя БаскаваУдзельніца Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, вядомая баскетбалістка Алена Леўчанка, падзякавала Фазэлю за ліст на адрас Фонду, заявіла, што ў Беларусі хакей «шмат гадоў зьяўляецца ідэалягічным спортам, які спансуе рэжым», і яшчэ раз падкрэсьліла пазыцыю арганізацыі наконт чэмпіянату сьвету.
«Калі паглядзець на адміністрацыйны апарат фэдэрацыі хакею, дык убачыш толькі дзяржаўных чыноўнікаў і людзей, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі. Гэта сапраўды палітыка, якая знайшла ўвасабленьне ў спорце. Вы [МФХ і Рэнэ Фазэль] хочаце пазбавіцца ад палітычнага аспэкту, а не рабіць хакей інструмэнтам палітычных гульняў. Мы цалкам падтрымліваем вас».
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці абяцае МФХ любую падтрымку ў справе перадачы матчаў чэмпіянату сьвету іншаму гораду. Правядзеньне часткі турніру ў Менску, па словах Леўчанкі, будзе «падтрымкай і спансаваньнем рэжыму».
Прэс-служба Фэдэрацыі хакею Беларусі заявіла, што не атрымлівала афіцыйных паведамленьняў пра перанос турніру і працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля жніўня гэта іншы чалавек». Былы трэнэр юнацкай хакейнай зборнай Беларусі — пра Баскава і сваю адстаўку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герасіменя: Паўстаньне спартоўцаў нанесла неацэнны ўдар па Лукашэнку