«У нас адзін галоўны конь — Пагоня». У Горадні адкрылася выстава калядных конікаў

Карціна з выставы «Калядныя конікі»

Выставу «Калядныя конікі» адкрылі 27 сьнежня ў Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні. На ёй можна ўбачыць 43 варыяцыі на тэму нацыянальнага герба Беларусі.

Аўтарка выставы — горадзенская мастачка Валянціна Шоба. Яна прызнаецца, што падрыхтавала яе за 20 дзён.

Валянціна Шоба

«Усё гэта з такім добрым пачуцьцём, каб хоць 5 хвілін сьвята было. Мы нашу Пагоню перамалявалі ў розных прыкладах», — кажа Валянціна Шоба.

Арганізавалі выставу Ірына Варкулевіч і Аляксандар Балдакоў. Ірына больш расказала пра тэму калядных конікаў.

«У нас цяпер адзін галоўны конь — гэта Пагоня. Аўтаматычна ён пераходзіць у калядных конікаў, пернічных. Сьнег, коні, вельмі ўсё прыгожа, калядная казка... Гэта вельмі прыгожае сьвята, сьвята жаданьняў, коні таксама чароўныя. Я спадзяюся, што ва ўсіх нас усе жаданьні споўняцца», — расказала Ірына Варкулевіч.

Ірына Варкулевіч

Адначасна ў культурнай прасторы зьявілася інсталяцыя з казкі «Шчаўкунок». Яе падрыхтавалі, каб павіншаваць дзетак перад Новым годам.

«Гэта калядная казка. Яна вельмі актуальная. Дзяўчынка абараняе Шчаўкунка. Яна вымусіла сваім абцасікам сямігаловага Пацучынага караля зьнікнуць», — тлумачыць Ірына Варкулевіч.

Інсталяцыя да казкі пра Шчаўкунка

Выстава «Калядныя конікі» плянуе працаваць да 14 студзеня.