Коні ў падарунак кандыдатам у прэзыдэнты і іншыя скандалы агітацыйнай кампаніі ў Кіргізстане

Цэнтральная выбарчая камісія Кіргізстану

У Цэнтравыбаркаме Кіргізстану зацікавіліся падарункамі, якія атрымліваюць падчас перадвыбарных мерапрыемстваў кандыдаты ў прэзыдэнты.

Пра гэта паведамляе «Настоящее время».

Перадвыбарчая агітацыя ў Кіргізстане ідзе ўжо амаль два тыдні: кандыдаты езьдзяць па рэгіёнах, выступаюць з прамовамі і атрымліваюць ад мясцовых жыхароў падарункі, сярод якіх ёсьць нават коні і бараны.

На падораных конях пасьпелі праехацца чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты, уключаючы фаварытаў — Садыра Джапарава і Адахана Мадумарава. Яшчэ аднаму кандыдату ў прыдачу да каня паднесьлі тушу барана. Пра шчодрасьць прыхільнікаў палітыкаў даведаліся ў Цэнтравыбаркаме — і вынесьлі папярэджаньне «адносна зьяўленьня кандыдата на публіцы на кані».

Чалец ЦВК Гульнара Джурабаева ў сваім Фэйсбуку напісала, што калі хто-небудзь з грамадзянаў хоча аказаць падтрымку свайму кандыдату, ён можа гэта зрабіць «толькі ў грашовай форме ў выбарчы фонд і паведаміць сваё імя. Гэта дазваляе забясьпечыць празрыстасьць фармаваньня і расходаваньня выбарчых фондаў і выключыць магчымыя злоўжываньні».

У выніку заўважаныя на публіцы кандыдаты пачалі заяўляць, што коней узялі толькі пакатацца і пасьля здымак вярнулі ўладальнікам. Але папярэджаньні ад ЦВК яны ўсё адно атрымалі.

Рабочая група Цэнтравыбаркаму вырашыла разабрацца яшчэ з адным скандалам. Журналісты заўважылі, што ў паездках па краіне цяпер ужо былога выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта краіны Садыра Джапарава суправаджаюць целаахоўнікі дзяржаўнай аховы. Прычым у шапках зь лягатыпам кандыдата — хоць удзельнічаць у агітацыі ім паводле закону забаронена. У штабе палітыка гэтыя абвінавачаньні адкінулі.

«Гэта альбо яго памочнікі, якія былі з самага пачатку, яны ўсе супрацоўнікі штабу, альбо яго прыхільнікі», — адказаў на прэтэнзіі прадстаўнік Джапарава Аляксей Мошчын.

У Цэнтравыбаркаме верыць штабу кандыдата на слова адмовіліся і паабяцалі пераправерыць інфармацыю ў Дзяржкамітэце нацыянальнай бясьпекі, якім кіруе даўні паплечнік Джапарава.

У адзін дзень з выбарамі прэзыдэнта ў Кіргізстане пройдзе яшчэ і рэфэрэндум. Агітацыя за форму праўленьня пачалася, але ў ЦВК зарэгістраваліся толькі дзьве агітацыйныя групы: за парлямэнцкую форму і супраць усіх. Заклікаць галасаваць за прэзыдэнцкую форму праўленьня пакуль няма каму.