Валянтэры, якія складаюць сьпісы затрыманых па адміністрацыйных справах, па стане на 20.00 паведамілі ў тэлеграм-канале @spiski_okrestina прозьвішчы 23 затрыманых падчас сёньняшніх маршаў пратэсту.
Пакуль затрыманых у 10-15 раз меней, чым у папярэднія пратэставыя нядзелі.
Сярод іх затрыманыя ў менскім мікрараёне Сокал, якія выйшлі на мясцовую акцыю зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Яшчэ некалькі чалавек затрымалі каля мэмарыялу Тарайкоўскага (станцыя мэтро «Пушкінская»).
Частку затрыманых ужо павезьлі з РУУС у Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.
Праваабаронцам «Вясны» таксама вядома пра затрыманьне ў Берасьці на вуліцы Савецкай 63-гадовай актывісткі Алены Гнаўк (пазьней яе адпусьцілі без пратаколу). Гэта 11-е затрыманьне пэнсіянэркі за апошнія чатыры месяцы. У Смалявічах затрымалі Ганну Карнелік і Сяргея Харытончыка.
У Беларусі сёньня праходзяць нядзельныя маршы пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нядзельныя маршы пачаліся яшчэ дасьвецьцем. Што адбываецца ў Беларусі на 141-ы дзень пратэстаў