Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Анатоль Глаз паведаміў пра гэта парталу Tut.by. Алег Краўчанка быў на дыпляматычнай службе ад 1994 году, стаў амбасадарам 20 ліпеня 2020 году, але так і ня быў адкамандзіраваны ў Штаты.
Прычынаў сьмерці Краўчанкі не называюць, але вядома, што ў яго быў пацьверджаны станоўчы тэст на COVID-19.
Паводле Глаза, Краўчанка не пасьпеў выехаць у ЗША і прыступіць да абавязкаў амбасадара, знаходзіўся ў Беларусі.
Пра Алега Краўчанку выказаўся ў сваім Тэлеграм-канале былы дыплямат Павал Латушка:
«Асабіста ведаў яго ад першых гадоў дзейнасьці незалежнага Міністэрства замежных справаў Беларусі. Ня раз нам давялося сустракацца, размаўляць аб будучыні нашай краiны і дзяржавы. Алег Краўчанка быў таленавітым беларускім дыпляматам, шмат працаваў над фармаваньнем самастойнай зьнешнепплітычнай пазыцыі незалежнай Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба, каб стасункі былі ўстойлівымі», — першая заява Краўчанкі на пасадзе амбасадара Беларусі ў ЗШААлег Краўчанка нарадзіўся ў Менску ў 1971 годзе.
Скончыў юрыдычны факультэт БДУ, асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Быў кандыдатам юрыдычных навук.
У 1994-1999 гадах — аташэ, трэці сакратар службы дзяржаўнага пратаколу, трэці сакратар, другі сакратар, начальнік аддзелу дамоўна-прававога ўпраўленьня МЗС.
У 1999-2003 гадах — дарадца беларускай амбасады ў Швэцыі.
У 2003-2007 гадах — дарадца, намесьнік загадчыка ўпраўленьня гуманітарнага супрацоўніцтва і правоў чалавека МЗС.
У 2007-2008 гадах — дарадца амбасады Беларусі ў ЗША,
У 2008-2014 гадах — часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША.
У 2014-2017 гадах — намесьнік загадчыка ўпраўленьня, загадчык упраўленьня Амэрыкі МЗС.
Ад студзеня 2017 году займаў пасаду намесьніка міністра замежных справаў.
20 ліпеня 2020 года быў прызначаны паслом у ЗША.
Бацька траіх дзяцей.