Пра гэта паведамляе выданьне reform.by са спасылкай на Vakaro žinios.
Арышт быў накладзены 18 сьнежня. Кіраўніку санаторыя растлумачылі ў банку, што арышт зьвязаны з увядзеньнем Эўразьвязам санкцый у дачыненьні да Беларусі.
«Мы адмыслова наведалі старонку ЭЗ, дзе пералічаныя кампаніі, якія падпадаюць пад санкцыі. Аб санаторыі ў Друскеніках няма ні слова. Тым ня менш, мы ня можам выкарыстоўваць грошы кампаніі, хоць для абсалютнай большасьці яе супрацоўнікаў гэта адзіная крыніца даходу», — патлумачыў галоўны ўрач санаторыя Ільля Епіфанаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сузаснавальнік Synesis: Мне Беларусь бясконца падабалася, асабліва да жніўня 2020Санаторый «Беларусь» у Літве належыць кіраўніцтву справамі прэзыдэнта Беларусі. У санаторыі працуюць 393 супрацоўнікі. Ён рэгулярна ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых падаткаплатнікаў муніцыпалітэту Друскенікаў.
Трэці пакет санкцый у дачыненьні да беларускага рэжыму ўступіў у сілу 17 сьнежня 2020 году. Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта таксама трапіла ў санацыйны сьпіс. У тлумачэньні Рады ЭЗ кіраўніцтва апісваецца як найбуйнейшы апэратар на рынку нежылой нерухомасьці Беларусі і ўладальнік мноства кампаній.
Санаторый «Беларусь» у Друскеніках перадалі Рэспубліцы Беларусь па дамове паміж урадамі дзьвюх краінаў ад 6 лютага 1995 году. Літва таксама перадала Беларусі ў арэнду на 99 гадоў участак зямлі, дзе знаходзіцца санаторый.