24 сьнежня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь, паведаміў Catholic.by.
У Менску ён адразу накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру, каб асабіста выказаць падзяку за вяртаньне Папу Францішку і яго прадстаўніку ў Беларусі Апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу.
«Ва ўзросьце амаль што 75 гадоў я нечакана для сябе апынуўся ў складанай сытуацыі, якую ўспрымаю як чарговы досьвед Божага Провіду і як свой жыцьцёвы крыж», — гаворыцца ў Слове ўдзячнасьці Тадэвуша Кандрусевіча, апублікаваным на Catholic.by.
Ён падзякаваў усім, хто маліўся за яго, даў яму прытулак за мяжой і спрыяў ягонаму вяртаньню ў Беларусь, у тым ліку ўладам у Беларусі.
«З удзячнасьцю прымаю рашэньне дзяржаўных уладаў, якое дазволіла вярнуцца на радзіму і займацца духоўным кіраўніцтвам даручанымі маёй пастырскай апецы вернікамі», — напісаў Кандрусевіч.
«Сваё служэньне наступніка апосталаў у Беларусі прысьвячаў, прысьвячаю і буду прысьвячаць духоўнаму адраджэньню і ўмацаваньню веры ў маёй Бацькаўшчыне, а таксама кансалідацыі нашага грамадзтва шляхам мірнага вырашэньня праблем, якія ўзьнікаюць».
Тадэвуш Кандрусевіч таксама павіншаваў усіх з Божым Нараджэньнем і Новым годам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе наведаць і паглядзець імшу на Божае Нараджэньне31 жніўня памежнікі не прапусьцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў. Пазьней дзяржаўныя органы заявілі, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.
Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Кандрусевіча ў тым, што мітрапаліт выяжджаў у Польшчу нібыта для кансультацый аб тым, «як разбураць Беларусь». Да таго Кандрусевіч асудзіў гвалт сілавікоў зь мірных пратэстоўцаў і заклікаў яго спыніць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскіх сьвятароў папярэдзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Сьвятары сказалі, што гэта была малітва