Палітвязьню Васілевічу за дзень да выхаду дадалі яшчэ два месяцы зьняволеньня

Аляксандар Васілевіч і ягоны патрыятычны матацыкал

Уласьніку галерэі «Ў» і рэклямнага агенцтва Vondel/Hepta Аляксандру Васілевічу працягнулі знаходжаньне пад вартай яшчэ на два месяцы.

Пра гэта ў Facebook паведаміла яго жонка Надзея Зелянкова, таксама фігурантка крымінальнай справы.

25 сьнежня ў Аляксандра Васілевіча заканчваўся тэрмін зьняволеньня ў адпаведнасьці з папярэднім рашэньнем сьледзтва. Аднак за дзень да вызваленьня родным сказалі, што ён застанецца за кратамі сама меней яшчэ на два месяцы.

На пачатку сьнежня ў сужэнцаў нарадзілася дачка, якую тата яшчэ ня бачыў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уласьніку галерэі «Ў» палітвязьню Васілевічу падоўжылі знаходжаньне пад вартай яшчэ на месяц

Аляксандра Васілевіча затрымалі 27 жніўня супрацоўнікі ДФР Камітэту дзяржкантролю, з таго часу ён пад вартай. У кватэры і ў офісах адбыліся ператрусы.

4 верасьня Васілевічу і ягонай жонцы Надзеі Зелянковай выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 Менску, яна на волі. У чым іх абвінавачваюць, афіцыйна невядома, адвакатка дала падпіску аб невыдаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У палітвязьняў Пальчыса і Васілевіча нарадзіліся дзеці

10 кастрычніка Аляксандар стаў адным з удзельнікаў сустрэчы Лукашэнкі з палітзьняволенымі ў СІЗА КДБ.

Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і The Village Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы «Галерэя Ў».

У жніўні яго ўжо затрымлівалі ў КДБ, куды ён прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня Віктару Бабарыку. Тады суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў яго на 14 дзён адміністрацыйнага арышту.