Тамара Лісіцкая:
Не магу ўспомніць ні адной цытаты, якая б рабіла мяне спакойнай цяпер. Загружаю ў пошукавік ключавыя словы «Сіла. Вера. Спакой «, бачу кіляграмы добрых слоў, але чагосьці адзінага няма. Не таму, што гэта ня сказана, а таму, што мы жывём ва ўнікальным адрэзку часу, дзе сышліся дзікунства і лёгіка, першабытныя і высокія тэхналёгіі, хаатычная жорсткасьць і татальны гуманізм, агіткі і нэўрасеткі. Увесь папярэдні чалавечы досьвед адвальваецца, як быццам адлучаюцца і сыходзяць ступені ракеты або мяшкі зь пяском ад кошыка паветранага шара. Пераход з аграрнага і постіндустрыяльнага сьвету ў лічбавую эпоху вельмі турбулентны, а тут яшчэ і ковід, і неверагодны беларускі элемэнт.
Нам выпала жыць у час, які ўвойдзе ў падручнікі, музыку, кіно і літаратуру. Наўрад ці гэты час абмяжуецца 2020-м, гэта ня самая прыемная навіна. Але і пачалося яно не ў 2020-м, хоць таксама інфармацыя так сабе. Але ў 2020-м для нашай краіны адбыўся якасны скачок на новы ўзровень сьвядомасьці. А гэта як у гульні — пакуль зразумееш, дзе якія небясьпекі, пасткі, ворагі і донаты… Тут яшчэ ніхто не хадзіў. Не працуюць інструкцыі і парады, можна толькі ісьці наперад і правяраць гэты новы сьвет на сабе. Будаваць яго, вывучаць, засяляць, абараняць.
Або не ісьці.
Таму цытату вазьму зь вечнага, зь Бібліі:
Будзе аддадзена кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
А яшчэ з Бобі Макфэрына:
Don’t worry, be happy.
Тамара Лісіцкая — пісьменьніца, тэле- і радыёвядучая, сцэнарыстка.
Выбар рэдакцыі:
Happiness quite unshared can scarcely be called happiness; it has no taste.
Шчасьце, не разьдзеленае ні з кім, наўрад ці можна назваць шчасьцем; у яго няма смаку.
(Эмілі Бронтэ)
Эмілі Бронтэ (Emily Brontë, 1818–1848) — ангельская пісьменьніца, аўтарка раману «Wuthering Heights», які лічыцца шэдэўрам клясычнай ангельскай і сусьветнай літаратуры.
Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Тарас Тарналіцкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Юлія Чарняўская