Грамадзянка Швайцарыі і Беларусі Натальля Хершэ 7 сьнежня атрымала 2,5 года папраўчай калёніі агульнага рэжыму. Прысуд па ч. 2 арт. 363 КК РБ (супраціў супрацоўніку міліцыі) вынес судзьдзя Савецкага раённага суду Менску Сяргей Шаціла. Экспэрты і юрысты праваабарончага цэнтру «Вясна» прааналізавалі справу і зрабілі высновы.
Патрабаваньне пацярпелага амапаўца Сяргея Кончыка, зь якога Хершэ сарвала балаклаву, спыніць удзел у мірным сходзе было неправамерным; камбінэзон аліўкавага колеру не зьяўляецца звыклым абмундзіраваньнем супрацоўніка, а адсутнасьць ідэнтыфікуючых знакаў адрозьненьня ў сукупнасьці з балаклавай спарадзіла страх і жаданьне пазьбегнуць сумнеўнага кантакту з ананімнымі прадстаўнікамі спэцслужбаў. Адмова прайсьці ў спэцтранспарт сама па сабе зьяўляецца дзеяй, якая цягне за сабой пры пэўных умовах толькі адміністрацыйную адказнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спадзяюся ўбачыць яе раней. Можа быць, беларускі рэжым абрынецца». Інтэрвію з мужам зьняволенай грамадзянкі ШвайцарыіУ дзеяньнях уладаў у дачыненьні да асуджанай аўтары аналізу ўгледзелі палітычныя матывы. Затрыманьне Хершэ і разгляд яе справы ў судзе адбыліся пасьля шэрагу палітычных падзей, якія «ў корані зьмянілі адносіны ўладаў і грамадзтва, якое не ўспрымае больш паўнамоцтваў дзеючай улады, якая захавала сваё становішча ў выніку паўсюдных грубых фальсыфікацый і злоўжываньняў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня».
У гэтай абстаноўцы перад дзяржаўнымі інстытутамі, якія захавалі ляяльнасьць уладам, на думку праваабаронцаў, «стаіць задача татальнага падаўленьня мірных пратэстаў, запалохваньня дэманстратыўна жорсткімі санкцыямі рознага характару, у тым ліку — крымінальнымі, усіх удзельнікаў і назіральнікаў гэтых працэсаў».
Яшчэ некалькі высноваў:
- мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту ў дачыненьні да Натальлі Хершэ неабгрунтаваная, паколькі наяўнасьць меры працэсуальнага прымусу ў выглядзе часовага абмежаваньня права на выезд зь Беларусі практычна выключала сама па сабе асьцярогі за тое, што падазраваная пакіне краіну да суду без дазволу адпаведнага органу;
- парушана права Хершэ ў тэрміновым парадку быць дастаўленай да судзьдзі і права на разгляд яе справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесьці пастанову адносна законнасьці яе затрыманьня, бо да судзьдзі яе ўпершыню даставілі толькі на 75-ы дзень утрыманьня пад вартай;
- у дачыненьні да Хершэ быў парушаны стандарт прэзумпцыі невінаватасьці, бо абвінавачаную ўвесь час прывозілі ў суд у кайданках і ўтрымлівалі ў клетцы, зь яе абутку на патрабаваньне канвою выдалілі шнуркі;
- пазбаўленьне волі ўжылі ў парушэньне права на справядлівы судовы разбор, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У выніку назіраньня за судовым паседжаньнем юрысты і экспэрты «Вясны» мяркуюць: перасьледаваная з палітычных матываў наогул ня зьдзейсьніла крымінальнага правапарушэньня, тады як дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры яе затрыманьні «выходзіла за межы выкананьня імі абавязкаў па ахове грамадзкага парадку». Стыхійны сход 19 верасьня ў раёне вуліц Сурганава і Якуба Коласа насіў выключна мірны характар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей паразмаўляў з кіраўніком МЗС Швайцарыі пра санкцыі і Натальлю ХершэТаксама юрысты вызначылі: нават дапусьціўшы, што віна Хершэ даказаная з названай у прысудзе кваліфікацыяй, працягласьць і ўмовы пазбаўленьня волі відавочна непрапарцыйныя правапарушэньню. Неадэкватнасьць прысуду выяўлялася шляхам параўнальнага аналізу дадзенага выпадку ў супастаўленьні зь іншымі падобнымі судамі.
Да гэтага часу няма ніводнай крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі, вінаватых у актах катаваньняў у дачыненьні да ўдзельнікаў мірных акцый.
«Усе выкладзеныя акалічнасьці сьведчаць аб неабходнасьці патрабаваць перагляду вынесенага ў дачыненьні да Натальлі Хершэ прысуду. Таксама неабходна рэкамэндаваць праваабарончай супольнасьці прызнаць Хершэ палітычнай зьняволенай з патрабаваньнем перагляду вынесеных судовых рашэньняў і вызваленьня з-пад варты з ужываньнем іншых мер, якія забясьпечаць яе яўку ў суд», — падкрэсьлілі праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці ўдзельніка пратэсту пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі» за міліцэйскую рацыю