У цэнтры Менску 23 сьнежня прайшоў пазачарговы «Марш мудрасьці» — акцыя пэнсіянэраў, што звычайна адбываецца ў панядзелкі, паведамляе БелаПАН.
Каля двух дзясяткаў чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, парасонамі і стужкамі прайшлі па вуліцах Веры Харужай, Куйбышава і Кульман, скандуючы: «Жыве Беларусь!», «Свабоду нашым дзецям!» і «Фашызм ня пройдзе!».
Адна з пастаянных удзельніц маршу паведаміла БелаПАН, што ў канцы акцыі на вуліцы Багдановіча пачаліся затрыманьні.
«Бліжэй да парку Дружбы Народаў пад’ехаў белы бус і забраў меркавана трох чалавек. Забіралі тых, хто маладзейшы, у раёне 50 гадоў», — сказала яна.
Прозьвішчы затрыманых і іх дакладная колькасьць пакуль невядомыя.
Папярэдняя акцыя 21 сьнежня прайшла бяз загадзя абвешчанага месца збору, каб пазьбегнуць затрыманьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэры выйшлі на чарговую акцыю пратэсту ў Менску, нягледзячы на масавыя затрыманьні на мінулым маршы