Былы прэм’ер Беларусі Кабякоў узначаліў расейскую вугальную кампанію

Андрэй Кабякоў

Некалькі тыдняў таму былы кіраўнік ураду Беларусі Андрэй Кабякоў узначаліў расейскую вугальную кампанію «Сибуглемет». Ён быў прэмʼер-міністрам Беларусі ў 2014-2018 гадох

У нядаўнім інтэрвію расейскаму агенцтву РБК ён пракамэнтаваў цяперашнія пратэсты ў Беларусі:

Сытуацыя няпростая. Я думаю, што паволі яна выправіцца. Але што б ні адбывалася, я лічу, што пэрспэктывы беларуска-расейскіх адносінаў ёсьць і будуць. Гэта маё глыбокае перакананьне. Але я сышоў з дзяржаўнай службы і, шчыра кажучы, не хацеў бы вяртацца да тэмаў, якія не зьвязаныя з вугальнай галіной. Вядома, у маім выпадку адбыўся пераезд у Маскву. А пра тое, каб перавезьці сямʼю — гэта ў стадыі рашэньня.

Андрэй Кабякоў да таго, як заняў пасаду кіраўніка ўраду Беларусі, быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, потым амбасадарам у Расеі. Пасьля адстаўкі ў 2018 годзе быў чальцом рады дырэктараў, старшынём аўдытарскага камітэту рады дырэктараў Белгазпрамбанку. Да траўня 2020 году кіраўніком Белгазпрамбанку быў Віктар Бабарыка.

17 лістапада 2020 году Андрэй Кабякоў быў прызначаны гендырэктарам «Групы Сибуглемет» і старшынём рады дырэктараў кіруючай кампаніі «Холдынг Сибуглемет».

У ранейшыя гады працу ў Расеі знайшлі сабе пасьля адстаўкі з высокіх пасадаў у Беларусі многія чыноўнікі, сярод их - міністар замежных справаў Іван Антановіч, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, старшыні КДБ Леанід Ерын і Уладзімер Мацкевіч.