За кратамі Кірыл Паўлавец ужо трэці месяц. Напярэдадні меўся адбыцца суд па ягонай справе, але праз хваробу падсуднага паседжаньне перанесьлі на студзень. Пра гэта «Вясьне» паведаміла жонка палітвязьня Тацяна.
У лісьце ад 6 сьнежня Кірыл прызнаваўся, што яму дрэнна, а ў ізалятары сказалі, што ён хворы на ангіну. Потым, па словах жонкі, бацька мужа павёз перадачу і сказаў, што Кірыла перавялі ў іншую камэру.
«17 сьнежня ў яго заканчваўся тэрмін арышту. Яго меліся павезьці ў Менск на суд, але адвакатка сказала, што ён на карантыне. Я ня ведаю, у якім Кірыл стане ў шпіталі, бо туды немагчыма нават датэлефанавацца», — кажа жонка.
Кірыл Паўлавец па прафэсіі будаўнік. Яго затрымалі 4 кастрычніка пасьля «Маршу вызваленьня палітвязьняў». Ён ужо быў вярнуўся дадому, але яму патэлефанавалі зь незнаёмага нумару і папрасілі адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах. Дома засталіся жонка і двое малых дзяцей 2 і 4 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мужа пасадзілі за пратэсты, жонку з дваімі дзецьмі высяляюць са здымнай кватэрыСпачатку мужчыну асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП на 14 сутак арышту, але на волю ён ня выйшаў, бо яму прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Сьпярша яго зьмясьцілі ў СІЗА-1 у Менску, а 4 лістапада перавялі ў сьледчую турму ў Жодзіне, дзе ён і захварэў на COVID-19.
Пра тое, што зьняволеныя ў турмах хварэюць на COVID-19, паведамлялася раней. Аднак Кірыл Паўлавец, імаверна, стаў першым палітвязьнем, якога паклалі з гэтым дыягназам у шпіталь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя адмовілася праводзіць праверку па заяве аб катаваньнях у жодзінскай турме і ўмовах, якія спрыяюць распаўсюду COVID-19