Сама спадарыня Ларыса на суд не пайшла, яе інтарэсы прадстаўлялі адвакаты. Яны будуць абскарджваць прысуд. Адна з адвакатаў пасьля суду сказала, што калі б спадарыня Ларыса пайшла на суд, яна вельмі засмуцілася б ад таго, як адбываўся судовы працэс.
Маці журналісткі Радыё Свабода Ларысу Соўсь затрымалі падчас «Маршу волі» ў Менску 6 сьнежня. Як расказала сама спадарыня Ларыса, яна не ішла на гэты марш і ня ўдзельнічала ў ім. У той дзень яна, як звычайна, выйшла пагуляць па сваім раёне. Яна перажыла Галакост, інвалід другой групы, некалькі гадоў таму ёй зрабілі складаную апэрацыю, і, каб трымаць сябе ў форме, яна імкнецца больш рухацца і штодня выходзіць на шпацыр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Маршы волі» ў Менску затрымалі больш за 300 чалавек, — міліцыяЯна гуляла па раёне, каля новай станцыі мэтро «Кавальская слабада» пабачыла натоўп і спынілася паглядзець, чаго людзі сабраліся. І раптам людзі сталі ўцякаць, зьявілася шмат сілавікоў з аўтаматамі, празь нейкі час спадарыня Ларыса пачула стрэлы. Калі яна пабачыла, што сілавікі жорстка затрымліваюць людзей, без разбору, інстынктыўна кінулася абараніць маладога мужчыну, стала крычаць: «Забярыце мяне замест яго!» Яе схапілі і павялі да мікрааўтобуса.
Пасьля таго, як яе пратрымалі некалькі гадзін у РУУС і адпусьцілі, склаўшы пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, жанчына ноч не магла заснуць ад перажываньняў: «Ну ня можа гэтага быць! Проста ў галаве ня ўкладваецца. У кожнага чалавека, у кожнага быў бы шок ад таго, што ён бачыць», — казала спадарыня Ларыса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА