«Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта ЗША ў справе ўвядзеньня новых санкцыяў супраць Беларусі, у тым ліку ў сувязі «са спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 году і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўраду».
Старшыня камітэту Сэнату ў міжнародных справах, рэспубліканец Джым Рыш, вітаў прыняцьце законапраекту: «Гвалтоўныя і няспынныя рэпрэсіі супраць мірных грамадзян, якія пратэстуюць супраць дыктатарскага кіраваньня спадара Лукашэнкі ў Беларусі, пярэчаць сумленьню. Прыняты сёньня законапраект пацьвярджае падтрымку з боку ЗША беларускаму народу і яго жаданьню мець больш свабодную і дэмакратычную будучыню».
Раней гэты законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу. Каб законапраект уступіў у сілу, яго яшчэ мае падпісаць прэзыдэнт ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЗаконапраект у Палаце прадстаўнікоў прадставіў кангрэсмэн Крыс Сьміт, які быў адным з аўтараў падобных законапраектаў 2004, 2006 і 2011 гадоў.
«Прэзыдэнт можа накласьці візавыя санкцыі на любога іншаземца, які зьяўляецца чальцом ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году, ёсьць дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ; службовай асобай „саюзнай дзяржавы“ або расейскай фізычнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з палітычным рэпрэсіямі ў Беларусі», — сказана ў тлумачэньні да законапраекту.
Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі зьмяшчае таксама гэткія палажэньні:
- заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
- прызнае Каардынацыйную раду, створаную на ініцыятыву экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
- заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
- падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
- прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
- недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
- заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёвяшчаньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
- прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.
Дакумэнт набудзе моц пасьля падпісаньня прэзыдэнтам ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар новага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» кангрэсмэн Сьміт: «Мы хочам, каб Беларусь засталася Беларусьсю»