Беларуская тэлевізія не пакажа на Каляды зварот каталіцкага герарха — упершыню ад абвяшчэньня незалежнасьці

Вернікі-каталікі

Традыцыйна ў ноч на 25 сьнежня тэлеканал «Беларусь-1» паказвае сьвяточную імшу з аднаго з касьцёлаў, а раніцай да вернікаў зьвяртаецца каталіцкі герарх.

Ад 2007 году з такой казаньню выступаў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Аднак сёлета ў тэлепраграме няма выступу кіраўніка Беларускага каталіцкага касьцёла, а затое стаіць зварот праваслаўнага мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веньяміна. А 5.55 раніцы ён будзе прамаўляць да вернікаў з нагоды дня памяці сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасланьнік Папы Рымскага перадаў Лукашэнку «трывогу і заклапочанасьць» пантыфіка падзеямі ў Беларусі

Тым ня менш увечары 24 сьнежня каталіцкую імшу ўсё ж пакажуць. У раскладзе тэлеканалу «Беларусь-1» стаіць:

21:45 Сьвяточнае набажэнства на Нараджэньне Хрыстова. Прамая трансьляцыя.

23:45 Сьвяточная служба з Ватыкану з удзелам папы Францішка. Прамая трансьляцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з Лукашэнкам пасьля накладзенай на яго анатэмы

Прэс-сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько патлумачыў «Нашай Ніве» прычыну падобнай замены.

«Няма мітрапаліта — няма звароту», — канстатаваў ён, нагадаўшы, што Тадэвуш Кандрусевіч ня можа вярнуцца ў Беларусь ад верасьня. Улады вінавацяць яго нібыта ў падвойным грамадзянстве, хоць ніякіх доказаў не даюць.

Выданьне таксама пацікавілася, чаму замест мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да вернікаў не зьвяртаецца дапаможны біскуп Юры Касабуцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я гатовы». Біскуп Касабуцкі не выключае, што супраць яго могуць завесьці крымінальную справу

«Калі рыхтавалася трансьляцыя сьвяточнай імшы, нам было даведзена, што яе можа праводзіць хто заўгодна, але ня біскуп Касабуцкі», — адказаў ксёндз Юры Санько.

Да таго Юры Касабуцкі таксама адзначыўся як пасьлядоўны абаронца грамадзянскіх свабод у Беларусі.

Сёлета сьвяточную імшу плянуюць трансьляваць з Магілёва, а служыць яе будзе біскуп Аляксандар Яшэўскі.