Бэльгія ў дадатак перапыніла чыгуначныя зносіны зь Лёнданам праз Эўратунэль. Захады пакуль уведзеныя на 24 гадзіны.
Падобныя меры, як паведамляецца, разглядаюць таксама ўлады Нямеччыны і Францыі.
Напярэдадні ўлады Вялікай Брытаніі заявілі аб павышэньні ўзроўню абмежавальных захадаў — да чацьвёртага, найвышэйшага — на паўднёвым усходзе Англіі і ў Лёндане. Гэта практычна азначае поўны локдаўн.
Брытанская прэса піша пра «адмену Калядаў» — масавых імпрэзаў у сувязі са сьвятамі ў сталіцы Брытаніі ня будзе, рэстараны і кафэ будуць закрытыя. Мясцовым жыхарам забаронена пакідаць свае дамы бяз крайняй неабходнасьці, а таксама зьбірацца некалькімі сем’ямі на Каляды. Меры пакуль уведзеныя на 2 тыдні.
Брытанскі прэмʼер Борыс Джонсан заявіў, што новы штам каранавірусу распаўсюджваецца на 70 адсоткаў хутчэй, чым «звычайны». Мэдыкі, аднак, сьцьвярджаюць, што, нягледзячы на хуткасьць распаўсюду захворваньня, яно, па ўсёй верагоднасьці, не стварае большай небясьпекі для жыцьця чалавека, чым звыклы штам каранавірусу, і не паўплывае на вакцынацыю супраць COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія далучылася да новых санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі