У Менску дзевятнаццатую нядзелю запар прайшлі акцыі пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. У розных раёнах сталіцы адбыліся дзясяткі «Маршаў народнага трыбуналу», у самых буйных зь іх удзельнічала звш 100 чалавек.
Пятую нядзелю запар акцыі пратэсту праходзілі у лякальным фармаце. Менчукі зьбіраюцца ў дварах і далей ідуць калёнамі па сваіх мікрараёнах.
Прычым у некаторых раёнах маршы прайшлі яшчэ з самай раніцы, хоць традыцыйны час — 12.00. У розных раёнах сталіцы прайшлі кароткачасовыя пікеты салідарнасьці пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Другі тыдзень запар у Менску не закрывалі станцыі мэтро, не адключалі мабільны інтэрнэт, сілавікі не перакрывалі дарогі.
У менскім Уруччы па праспэкце Незалежнасьці прайшоў прабег трактароў з афіцыйнай сымболікай.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» зафіксаваў звыш 140 затрыманых падчас акцый пратэсту ў Менску, Барысаве, Віцебску, Горадні, Наваполацку, Салігорску, Сьмілавічах, Радашковічах. У менскай міліцыя заявілі пра каля сотні затрыманых у сталіцы.
Прыхільнікі перамен цягам 134 дзён працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марш народнага трыбуналу». Што адбываецца ў Беларусі на 134-ы дзень пратэстаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Маршы народнага трыбуналу» затрымалі больш за 140 чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні гулялі «партызаны», гукалі «Жыве Беларусь!», некалькі чалавек затрымалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці нядзельныя акцыі пратэсту прайшлі ў цэнтры і адным з мікрараёнаў