На Савецкай плошчы працаваў калядны кірмаш, выступалі артысты. Па Савецкай вуліцы хадзілі «партызаны» зь бела-чырвоным парасонам, у шапцы Дзеда Мароза, зь бел-чырвона-белымі палосамі на торбачцы, на шапцы, у адзеньні белага і чырвонага колераў. Некалькі разоў людзі дружна гукалі «Жыве Беларусь!». Сярод іх былі і моладзь, і людзі старэйшага, і пажылога ўзросту.
Міліцэйскі транспарт удзень нядзелі стаяў побач з Савецкай плошчай і Савецкай вуліцай. Цэнтар патрулявалі міліцыянты і амапаўцы ў форме, а таксама хадзілі «людзі ў цывільным». На шпацыр выйшла кіраўніцтва горадзенскай міліцыі: начальнік АМАПу Віктар Краўцэвіч, намесьнік начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Віталь Стасюкевіч, начальнік прэс-службы Яўген Дудко. Горадзенцы заўважылі амапаўца і лёгкаатлета ў цывільным Арцёма Логіша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марш народнага трыбуналу». Што адбываецца ў Беларусі на 134-ы дзень пратэстаўТаксама горадзенцы прайшлі невялікімі маршамі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў сваіх мікрараёнах.
Відавочцы паведамілі, што АМАП вёў дзяўчыну ў чырвона-белым шаліку, жанчыну зь бела-чырвона-белымі палоскамі на торбачцы. Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымалі 4 горадзенцаў, у тым ліку Андрэя Янковіча, вядомага як «ненастаяшчы прэзыдэнт», і ягонага сябра, вулічнага музыканта Антона Сіліча. Да таго ж міліцыянты ў цывільным увайшлі ў памяшканьне ў цэнтры гораду, дзе знаходзіліся журналісткі «Нашага слова» Алена Кавальчук і агенцтва БелаПАН Марына Харэвіч, патрабавалі адчыніць дзьверы, праверылі дакумэнты і адпусьцілі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.