Сярод 87 прозьвішчаў ёсьць імёны былой выкладчыцы МДЛУ Натальлі Дулінай і дзейнага супрацоўніка ўнівэрсытэту Юрыя Стулава.
20 сьнежня ініцыятыва ByPol апублікавала «сьпіс асобаў, якія знаходзяцца ў апэратыўнай распрацоўцы 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіК у сувязі з удзелам у пратэстах». Акрамя сьпісу з 89 асобаў, актывісты ініцыятывы таксама апублікавалі 41 тэлефонны нумар, які нібыта знаходзіцца на праслухоўваньні спэцслужбаў.
Як сьцьвярджаецца ў тэлеграм-канале ByPol, гэта зроблена ў Дзень народнага трыбуналу, каб папярэдзіць усіх, хто апынуўся ў апублікаваным сьпісе.
Большасьць з прозьвішчаў, якія трапілі ў апублікаваны сьпіс, не вядомыя шырока. Там таксама ёсьць тыя, хто даўно знаходзіцца за кратамі і мае статус палітзьняволенага. Як актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Павал Юхневіч, напрыклад. Трапіла ў сьпіс і былая выкладчыца МДЛУ Натальля Дуліна, якую звольнілі з унівэрсытэту і якая адбыла адміністрацыйны арышт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне здала наша адміністрацыя». Звольненая за пратэст выкладчыца МДЛУ пра свой арышт«Так, я ведаю, я там іду пад нумарам 26, — расказала Натальля Дуліна ў размове са Свабодай. — Мне ўжо расказалі. Але сачэньня за сабой я пакуль не адчула, не заўважала нічога такога. Пра праслухоўваньне тэлефона я ня ведаю, бо як гэта можна заўважыць, калі нешта праслухоўваецца? (нумару тэлефона Натальлі Дулінай сярод апублікаваных у тэлеграм-канале ByPol няма. — РС) Пасьля „сутак“ я ўсё пераўсталявала ў тэлефоне, бо мой тэлефон быў арыштаваны ў РУУС. Спэцыялісты параілі ўсё пераўсталяваць. Больш нічога не рабіла спэцыяльнага».
Па словах Натальлі Дулінай, падазроных асобаў у сваім атачэньні яна не заўважала, як і сачэньня за сабой. Яна гаворыць, што не зьдзівілася таму, што трапіла ў апублікаваны сьпіс, калі ён зьяўляецца сапраўдным.
«Вялікім сюрпрызам знаходжаньне ў гэтым сьпісе для мяне ня стала, — кажа былая выкладчыца. — Таму што я разумею: раз я ў Каардынацыйнай радзе, то ўсё гэта фіксуецца. Гэта відаць, і каму трэба, той пра гэта ведае. Вось з гэтага боку зразумела, што я на нейкім „алоўку“ знаходжуся. Так што асаблівых сюрпрызаў няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі народ, Ціханоўскія, дактары ды іншыя Героі 2020 годуНатальля Дуліна таксама кажа, што адразу пасьля вызваленьня ў яе было адчуваньне, што сілавікі могуць прыйсьці па яе ў любы момант. Натальля ведае, што да некаторых яе сукамэрніц прыходзілі проста ў дзень вызваленьня, некаторых ня выпусьцілі, падоўжылі тэрміны.
«Цяпер я нават ня ведаю, што трэба яшчэ рабіць, — гаворыць Натальля. — Я зьмяніла „нік“ у чатах, нейкія наладкі. Але я да гэтага стаўлюся так — каму трэба, той да мяне ўсё адно дабярэцца. Магчыма, зараз мне проста трэба будзе неяк падумаць пра іншых людзей. Напэўна, трэба больш акуратна стасавацца. А ўсё іншае... Ведаеце, я калі вызвалілася, то мне было вельмі нядобра. Я вельмі баялася. Гэта быў жывёльны страх. Мяне нават прабівала на сьлёзы, я проста баялася. Гэта працягвалася некалькі першых дзён. Было адчуваньне, што мне трэба турбавацца ня толькі за сваю свабоду, але яшчэ горш. Ня ведаю, чаму ў мяне такое было. А потым адпусьціла. Гэта ўсё на ўзроўні ня розуму, а пачуцьцяў. І я падумала: ладна, як ёсьць, так ёсьць. Калі пастаянна баісься, гэта вельмі дрэнна. Гэта адбіваецца на ўсім стане, нават на ўзроўні імунітэту. Цяпер я як быццам расслабілася. Магчыма, гэта і дрэнна».
Акрамя Натальлі Дулінай, у апублікаваны сьпіс трапіў яшчэ адзін выкладчык МДЛУ, Юры Стулаў. Ён публічна выказаўся ў яе падтрымку, аднак працягвае працаваць ва ўнівэрсытэце. Стулава сілавікі не затрымлівалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш». Размова зь легендарным выкладчыкам МДЛУ Юрыем Стулавым, які падтрымаў студэнтаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА